Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Уладзімір Ягоўдзік - Заяц
Увага!!! Поўны змест
Кожны, мабыць, ведае: у гульні не абысціся без лічылкі. А складзена лічылак шмат. Кароценькіх і доўгіх, смяшлівых і нязвыклых. Я таксама ведаю некалькі лічылак. Асабліва мне падабаецца вось гэтая:
– Заяц, заяц.
Дзе ты быў?
А я ў лесе
Рабіў,
Там лыкі драў.
– А куды іх клаў?
– Пад старую калоду.
Выйдзі вон з карагоду!
Пагадзіся, дружа: добрая лічылка. Але ты, напэўна, не чуў пра лыкі. Гэта – лазовая кара, з якой нашы дзяды і прадзеды плялі сабе лапці. Даўней абутак быў вельмі дарагі, і не кожны мог прыдбаць сабе чаравічкі ці боты.
Найлепшы майстра драць кару – заяц. Нездарма ў яго пярэдніх два зубы такія вялікія і вострыя. Імі даўгавухі ў адзін міг сцярэбіць і морквіну, і качан капусты. Але дзе ён возьме іх снежнаю, сцюдзёнаю зімою, калі нават сухою травінкаю цяжка разжыцца? Вось і вымушаны заяц уначы скакаць да вёскі, каб падмацавацца салодкаю карою маладзенькіх яблынь. Ды не заўсёды шанцуе небараку. Добры гаспадар абвязвае дрэўцы калючымі яловымі лапкамі, трымае ў цёплай будзе злога сабаку...
Незайздроснае зайцава жыццё. Шмат у яго ворагаў. I воўк, і ліса, і, вядома ж, паляўнічыя. А паратунак адзін – заднія ногі. Дзякуючы ім, доўгім і дужым, заяц уцякае ад бяды з хуткасцю аўтамабіля. I не проста ўцякае, а робіць хітрыя петлі, каб заблытаць сваіх здаганятых.
Асабліва цяжка даводзіцца маленькім зайчанятам. Першыя з іх з’яўляюцца на свет у сакавіку. Адразу ў цёплым футры, з расплюшчанымі вачамі. Зайчыха пакорміць іх удосталь малачком і пакідае адных. Зайчаняты таксама не сядзяць на месцы, хутка разбягаюцца. Потым надоўга затойваюцца сярод кустоў і купін. Зусім безабаронныя, нават перад нахабнымі варонамі і сарокамі. А вось ад зямных драпежнікаў звяркоў на першым часе ратуе тое, што іхнія слядкі не маюць паху. Прабяжыць паблізу ліса і не пачуе лёгкую спажыву. Затое любая маці-зайчыха, натрапіўшы на шарачка, абавязкова пакорміць яго. Міне два тыдні, і ў малога вырастуць зубы. Тады ён пяройдзе на траву-мураву, якой увесну і летам багата.
На Беларусі, дарэчы, не ўсе зайцы падобныя. Ёсць зайцы-русакі і ёсць зайцы-белякі. Белякі пераважна жывуць у лесе, а русака можна ўбачыць і ў полі, і на лузе, наведваецца ён, як я ўжо казаў, і ў сады.
На заканчэнне навучу цябе, дружа, гульні цікавай. Як, ты думаеш, яна называецца? Ну, канешне – «У зайца»! Пакліч як мага больш хлапчукоў і дзяўчатак. Усе вазьміцеся за рукі і ўтварыце кола. А тыя двое, каго вы вызначылі праз зайцаву лічылку, няхай стануць асобна. Гэта – заяц і хорт. Хартамі даўней называлі самых хуткіх сабак. Хорт павінен злавіць зайца, які ўцякае і хаваецца. Цяжка харту, бо перад ім заўсёды апускаюць рукі, тады як перад зайцам іх падымаюць угару. I ўсё-ткі спрытны хорт павінен злавіць зайца. А як зловіць – пачне яго шчыпаць ці казытаць. Тады ўсе кідаюцца бараніць зайца. Смеху – поўны мех.
Калі ж усе супакояцца, зноўку, праз лічылку, трэба выбраць зайца і харта. Гульня пачынаецца спачатку. Цікавая і вясёлая, як зайцавы скокі.
Похожие статьи:
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі