Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Уладзімір Ягоўдзік - Жураўлі
Увага! Поўны змест
Хочаце ведаць, як вясна-красна святкуе перамогу над зімой? Тады гайда з кватэры або хаты! За ваколіцу, на рэчку, у лес ці поле. Пасля давайце спынімся, сцішымся і прыслухаемся.
Чуеце радасны, бадзёры перазвон? Гэта звіняць на зямлі ручайкі, а ў блакітным небе – пералётныя птушкі, што вяртаюцца з выраю. І з кожнай хвілінай шырыцца, мацнее вясновае шматгалоссе.
Раптам – што за дзіўныя гукі?! «Курлы!.. Курлы!.. Курлы!..» Быццам дзесьці высока-высока пад аблокамі зайгралі звонкія трубы. Не дзве і не тры, а цэлы аркестр. Гэта пераможна трубяць у гонар вясны шэрыя жураўлі, якія спяшаюцца да родных гняздоўяў.
Жураўлі, ці журавы, як часам іх называюць, надзвычай прыгожыя птахі. Усе, як адзін, рослыя, дужыя, самавітыя і, бадай, найлепшыя танцоры ў птушынай дружыне. Асабліва хораша яны танцуюць на світанні, калі ўзыходзіць сонца. Прыляцяць на ціхую балацявіну, збяруцца ў карагод і пускаюцца ў скокі, падпяваючы сабе гарэзлівым курлыканнем. А колькі ў тых скоках весялосці! Журавы то кланяюцца адзін аднаму, то распускаюць крылы, то ходзяць упрысядку, то бегаюць навыперадкі. Птушыны цырк, дый годзе!
Убачыць зблізку журавоў цяжка, бо яны жывуць на глухіх непраходных балотах. Гнёзды ладзяць сярод травы, на высокіх сухіх купінах. Звычайна жураўка адкладае ў гняздо два яйкі. Калі птушаняты падрастуць, настае час птушынай навукі. Бацькі вучаць іх шукаць пад імхом чарвякоў, жучкоў, лавіць у вадзе жабак, іншую дробную жыўнасць, паказваюць, як спрытней скакаць з купіны на купіну, хавацца ад ворагаў. Асабліва нялёгка даводзіцца маладым жоравам, калі адрастуць крылы. Тады бацькі-настаўнікі ні хвіліны не даюць ім спакою – прымушаюць падскокваць угору, пералятаць з аднаго месца на другое.
Штодзённая фізкультура не праходзіць марна. Мінаюць тыдні, і ў жніўні падлёткі падоўгу кружацца ў небе пад пільным вокам вопытных птахаў. Старыя жураўлі паказваюць маладым паветраныя манеўры, вучаць ляцець клінам, выконваць загады важака. Неўзабаве іх чакае суровы экзамен – адлёт у цёплыя краіны. Каб адолець шлях у тысячы кіламетраў, трэба мець нямала сілы. А набываюць дужасць птушкі на родным балоце, балазе тут хапае спажывы. Усе купіны абсыпаны чырвонымі ягадамі-журавінамі, якія вельмі смакуюць жоравам.
Настае восеньскі дзень, калі гаспадары балотных абшараў выпраўляюцца ў далёкае падарожжа. Ляцяць яны высока, імкліва, кідаючы развітальныя крыкі:
– Курлы!.. Курлы!.. Курлы!..
Услухайцеся ў гэтае курлыканне, і вы, мабыць, пачуеце, як важак чарады гукае:
– Кірыла!.. Кірыла!.. Кірыла!..
А жораў, які ляціць самы апошні, адказвае:
– Скрывіў!.. Скрывіў!..
І проста на вачах выцягнуты ў раўнюткія шнуры клін паварочвае ўбок ці зусім распадаецца. Наперадзе – няблізкі шлях. Нельга памыляцца ў пачатку дарогі! Некалькі хвілін птахі ляцяць моўчкі, потым зноў збіраюцца ў клін. І ўжо новы важак чарады заклапочана трубіць:
– Кірыла!.. Кірыла!.. Кірыла!..
* * *
Жураўлі вяртаюцца з выраю, калі вясна зусім прагоніць зіму. Спачатку птушкі трымаюцца гуртамі і сонечнымі ранкамі ладзяць танцы. Хто бачыў, як яны танцуюць, той пацвердзіць: незабыўнае відовішча! Жураўлі размахваюць крыламі, пускаюцца ўпрысядкі, кланяюцца адзін аднаму, нібы шляхетныя рыцары. І адначасова звонка курлыкаюць, прызыўна трубяць, выклікаючы на спаборніцтва новых танцораў.
У канцы красавіка птушкі разбіваюцца на пары і разлятаюцца па глухіх балацявінах. Там яны будуюць гняздо з дробнага альховага ці бярозавага галля. На сухую падсцілку жураўка адкладае два буйныя яйкі з плямістым шкарлупіннем, якія маці і бацька наседжваюць па чарзе. Прыкладна праз трыццаць дзён праклёўваюцца птушаняты. Напачатку ў іх шмат ворагаў. Жураўліныя гнёзды не абмінаюць лісіцы і яноты, а калі малыя без нагляду, то могуць стаць здабычай крылатых драпежнікаў. Пазней птушаняты могуць пастаяць за сябе.
Мой знаёмы пчаляр, які жыве каля Белавежскай пушчы, аднойчы ўлетку сустрэў жураўліную сямейку. Дарослыя птушкі падняліся на крылы, а іх цыбаты сынок застаўся на зямлі. Ён быў апераны, але яшчэ не навучыўся лётаць. Пчаляру заманілася патрымаць жураўліка ў руках, а той, расхінуўшы крылы, пачаў бараніцца дзюбай. І чалавек мусіў адступіць.
На зыходзе лета жураўлі збіраюцца ў чароды. Начуюць на балотах, а днююць на аўсяных ці ячменных палетках. Я ведаю адно такое жураўлінае месца на Брэстчыне. Птушкі сюды прылятаюць кожную восень, і я падоўгу гляджу на іх праз бінокль.
Ад маёй хованкі да стойбішча прыкладна паўкіламетра. Падысці бліжэй – марны занятак. Пільная варта трубіць трывогу, і чарада знікае за даляглядам. Праз бінокль добра відаць шэрыя каптанікі птушак, як штосьці яны збіраюць на пожні. Напэўна, рассыпаныя зярняткі. Не будзем дакараць камбайнераў: вандроўнікам трэба добра падсілкавацца. Ёсць шмат цікавых прыкмет, прысвечаных прылёту і адлёту гэтых птушак: калі журавы ляцяць нізка, зіма блізка, а калі жураўліны клін высока – зіма далёка; калі журавы раскрычацца на балоце, чакай заўтра добрае надвор’е; калі журавы ляцяць позна ў вырай, вясной будуць снежныя горы. На развітанне нагадаю вам адну песеньку. Хто яе запомніць і навучыць спяваць сяброў, той абавязкова сустрэнецца з жураўлямі.
Як жыў журавель ды з журавачкай,
Накасіў сенца поўны ясельцы.
Песенька мая нова,
Пачынайце з канца знова!
Похожие статьи:
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Сон-трава
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы