Увага! Поўны змест
Жаўрукі вяртаюцца з выраю ў пачатку сакавіка. Сонца яшчэ не паспела злізаць снег, уначы і раніцай шчыпаецца мароз. А жаўрукі радасна звіняць над лугамі і палеткамі, вітаючы надыход вясны.
Дарэчы, іх тры браты: палявы жаўрук, баравы жаўрук і жаўрук-смяцюх, у якога на галаве тырчаць пярынкі, быццам чуб.
Людзі кажуць, што смяцюх бярэ саломінку, паднімаецца ў неба і крычыць:
– Пайду ястраба біць!.. Пайду ястраба біць!..
Потым саломінка выпадае з дзюбы, ён стрымгалоў кідаецца на зямлю, а па дарозе апраўдваецца:
– Кій упаў!.. Кій упаў!..
Мне вельмі падабаецца легенда, як з’явіліся жаўрукі. Ішоў па дарозе Бог і ўбачыў ён селяніна, які араў свой палетак. Конік ледзьве цягне саху, а кашуля ратая ажно змакрэла ад поту. Спыніўшы хаду, Бог паспачуваў чалавеку.
– Дзе ратай плача, там жняя скача! – адказаў яму селянін і запрасіў папалуднаваць разам.
Хоць які там полудзень! Луста чэрствага хлеба, дзве горкія цыбуліны ды збанок крынічнай вадзіцы... Аднак праўду кажуць: не дораг абед, а дораг прывет. Падмацаваўся Бог і спытаў гаспадара, якую ён хацеў бы мець сабе палёгку.
– Не трэба мне палёгкі, – сказаў селянін, – толькі абрыдла слухаць, як грукае каменне аб нарог...
Пагаманілі яны трохі і развіталіся. Араты далей павёў баразну, а Бог падняў з зямлі каменьчык і шпурнуў угору. Праз імгненне пад аблокамі, нібы званочак, зазвінела маленькая птушка. Весялей пацягнуў саху конік, усміхнуўся сам сабе араты. З таго часу жаўрукі гняздзяцца на полі, яны падобныя на шэрыя каменьчыкі.
Жаўрукам цяжка трымаць на маленькіх крылах званочкі вясны, але можна ім памагчы. Папрасіце маму, каб напякла з цеста чубаценькіх пташак, а ў нядзельку выйдзіце на вуліцу, як мага вышэй падкідайце іх надсабой і спявайце:
Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецейка прынясіце!
Бо зімачка надаела,
Усе хлебушкі пераела!
Похожие статьи:
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі
Пераказы, дыктанты → Нясвіжскі палац
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Сон-трава
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы