Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Уладзімір Ягоўдзік - Вожык
Увага!!! Поўны змест
Вось дык дзіўны шавец! На спіне сто іголак, а шыць не ўмее. Кожны назаве яго імя – гэта вожык. І мае ён не сто іголак, а ў сто разоў больш. Так, прынамсі, падлічылі вучоныя.
Жыве вожык ва ўсіх мясцінах нашай Беларусі. Найчасцей, вядома, у лесе. Але ёсць сярод вожыкаў і такія, што не цураюцца жыхарства ў горадзе ці вёсцы. Іх можна сустрэць у садзе, парку, непадалёку ад хлева для свойскае жывёлы. Вожык, напэўна, самы адважны са звяркоў – нашых блізкіх суседзяў. Ён не спяшаецца ўцякаць, калі яго хто-небудзь перастрэне на сцяжынцы. Натапырыць свае вострыя калючкі і сярдзіта чуфыкае, пыхкае, маўляў, прэч з дарогі, бо ўкалю! Калі ж крыўдзіцель нападзе, звярок умомант згорнецца ў клубок. Няшмат знойдзецца ахвотнікаў пагуляць а такім калючым мячыкам. Хіба галодная ліса пакоціць яго да раўчука ці глыбокай лужыны. А потым, як вожык стане ратавацца, плыць па вадзе, – цопне яго зубамі за пыску ці жывот.
Дарэчы, вожык і сам адважны паляўнічы. Шмат знішчае шкодлівых жукоў, слімакоў, бурыць мышыныя і кратовыя гнёзды. Асабліва зацята змагаецца з паўзучымі гадамі. Ніколі не абміне гадзюку. Нават самую вялікую і страшную. Спачатку цаляе пашкодзіць, перакусіць ёй хрыбет. Гадзюка ўмела бароніцца. Пагрозліва сыкае, наравіць укусіць звярка. Але вожыка надзейна бароняць вострыя калючкі, і ён звычайна перамагае. Цікава і тое, што маленькія вожыкі адразу нараджаюцца з іголкамі. Аднак напачатку яны ў звяркоў мяккія і белыя. Замест іх праз два-тры тыдні вырастаюць цёмныя і калючыя. Вожычыха старанна апекуецца сваімі дзецьмі, водзіць іх за сабою амаль цэлае лета.
А ўзімку вожык спіць. У цёплай норцы-гняздзе, зусім без ежы. Як мядзведзь у бярлозе. Спіць і, напэўна, сніць, што вясною, калі прыгрэе сонейка, хтосьці добры пачастуе яго цёплым сырадоем. Малако для вожыка – самы лепшы ласунак на свеце. Сподачкам сырадою звярка лёгка прыручыць. Але трэба памятаць: малако шкодзіць вожыкаваму здароўю. Асабліва калі наліваюць яго шмат і кожны дзень.
Найлепш звяроў і птушак зусім не прыручаць і не чыніць ім аніякай крыўды. Тады яны заўсёды будуць жыць з намі ў блізкім суседстве і добрай згодзе.
Похожие статьи:
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Сон-трава
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы