Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Уладзімір Ягоўдзік - Бабуліна варта

Увага!!! Поўны змест
  
   Добра зімовым вечарам пасядзець каля грубкі. Гудзе, пагрозліва страляе іскрамі агонь – усё яму дроў мала. У мяне й самога рукі свярбяць падкарміць ненажэру бярозавым паленам, але баба Анюта тут як тут. Прыструніла чырвонае вуголле жалезным шуфлікам і кажа нам абодвум – мне і агню:
   – Хопіць на сёння, а то печка пусціцца ў скокі.
   Паглядзеў я на грубку, а на ёй і праўда дзве кафліны пунсавеюць, быццам шчокі ў дзяўчыны-прыгажуні. Лепей да іх не прытуляцца. Селі вячэраць. Я прыляпіўся на адным краёчку лавы, гаспадыня – на другім, а паміж намі ўладкаваўся кот Рыжык. На стале, на драўляным кружку, чыгунок з бульбаю стаіць, каля яго – міска з салёнымі агуркамі. I якраз насупраць мяне талерка з колцам падсмажанай каўбаскі. Пах на ўсю хату, аж у носе казыча. Пара з чыгунка слупам у столь упіраецца. Такой смачнай бульбы я ніколі яшчэ не еў. Сама ў рот скача. Ад крамяных агуркоў быццам зубы ў роце растуць. Во як! Адно кепска: Рыжык пакрыўдзіўся, зусім на стол не глядзіць. Не там талерку з каўбасою бабуля паставіла. Каб улагодзіць сябрука, я паклаў перад ім на лаву бульбіну. Кот адсунуўся ад пачастунка, незадаволена правуркатаў: «Гар-р-рачая...»
   Сорамна мне стала, падчапіў я відэльцам скурку ад каўбасы ды проста ў лапы Рыжыку. А ён як выгне спіну дугою, як натапырыць вусы і давай выгаворваць мне: «М-м-мала, м-м-мала...» Зусім як у казцы.
   Дагадзіла кату баба Анюта. Толькі ўзялася за анучу – яго як ветрам здзьмула з лавы.
   Позна, аж за поўнач, заседзеліся мы з гаспадыняю хаты. Усмак павячэралі, доўга гутарылі. Я даведаўся, што бабулін дзед Зміцер быў лесніком, цяпер на пенсіі. Учора паехаў у горад да ўнукаў гасцяваць. А яны як завітаюць улетку сюды – хата нібы вулей гудзе.
   Слухаў я бабу Анюту, слухаў, а ў самога вочы зліпаюцца, быццам вейкі хто мёдам намазаў.
   – Каб не праспаць нам заўтра! – занепакоіўся я. – Не забудзьцеся будзільнік паставіць.
   – Не турбуйся, чалавеча, – усміхнулася гаспадыня. – Ёсць у мяне варта, якая не дасць бакі адляжаць.
   – Што за варта? – здзівіўся я. – Дзе яна?
   – От пасцялю, тады і раскажу, – загадкава сказала баба Анюта і падхапілася з-за стала.
   Неўзабаве я залез пад цёплую коўдру, прытуліўся шчакою да мяккай падушкі.
   – Заплюшчы вочы і слухай, – прысела каля мяне бабуля. – Найпершы мой вартавы – з вялікім чырвоным грэбенем, быццам з сякераю. Як закрычыць – глухі пачуе: «Ку-ка-рэ-ку-у! Засяку-у-у!..»
   Страшна – аж мурашкі па спіне паўзуць. А тут яшчэ хтосьці голасна так пытаецца: «Го-го-го! Ка-го? Ка-го?»
   Палахлівыя авечкі хутчэй у адзін гурт збегліся ды мацней адна за адну: «Бе-е-е! Не мя-не-е! Не мя-не-е-е!..»
   А маленькае цялятка са свайго кутка жаласліва: «Ме-е-е! Мяне-е-е!»
   Тут як тут суддзі знайшліся: «Кра-кра-кра... Так-так-так!»
   I папраўдзе, падумаў я, хіба будзеш спаць, пачуўшы ўсё гэта?! Расплюшчыў вочы, падняў галаву, а ўжо, аказваецца, раніца наступіла. Чуваць, як баба Анюта на кухні каля печы завіхаецца, з Рыжыкам размаўляе. Вучыць, каб не назаляў мне, калі я буду акунькоў на возеры з-пад лёду сцёбаць.
   Апрануўся я хуценька і давай пасабляць па гаспадарцы ўпраўляцца. Найперш курам, гусям і качкам цеста занёс, потым цялятку і авечкам сена ўкінуў. З усімі пасябраваў. Толькі з начальнікам бабулінай варты мы не паразумеліся. ён пры мне да цеста нават не дакрануўся. Напэўна, баяўся з галавы вялікі чырвоны грэбень – сваю баявую сякеру – згубіць.

Похожие статьи:

ПераказыСлуцкія паясы

ПераказыНясвіжскі палац

ПераказыЖыровіцкі абраз Божай Маці

ПераказыСойка

ПераказыЛось