Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Уладзімір Караткевіч - Сіняя-сіняя
У апавяданні «Сіняя-сіняя» для васьмігадовай арабскай дзяўчынкі Джамілі, якая знемагае ў Сахары ад смагі і гарачыні, няздзейсненай марай, чароўнай казкай і раем уяўляецца такі край, дзе ёсць многа-многа вады і зялёнай травы. Таму яна вельмі здзіўлена, чаму яе знаёмы, пажылы ўжо чалавек, пакінуў такую зямлю. А гэта быў паўстанец 1863-1864 гадоў, які пасля паражэння паўстання вымушаны быў пакінуць гэту так званую «сваю зямлю».
Галоўны герой апавядання Пятрок Ясюкевіч, «былы беларус, былы гімназіст Віленскай гімназіі, былы студэнт, былы паўстанец, былы вандроўнік», з трывогай і болем успамінае свой край. Ён думае пра іншых удзельнікаў паўстання: адны загінулі, другіх жыццё раскідала па розных кутках зямлі. Вобраз тыповы для таго часу. Колькі іх, знаёмых і незнаемых герояў (Ігнат Дамейка, Мікалай Судзілоўскі, Бенядзікт Дыбоўскі, Канстанцін Ельскі і многія-многія іншыя), якія былі ў высылцы ці пакінулі сваю радзіму і якія сталі выдатнымі вучонымі, нястомнымі вандроўнікамі і ўдзельнікамі шматлікіх геаграфічных экспедыцый, змагарамі за шчасце і волю іншых народаў!..
Роспыт дзяўчынкі ў Петрака Ясюкевіча пра далёкі край выклікаў у таго трывожныя і неспакойныя ўспаміны: «Зямля-зямля! З атлусцелымі панамі, з бяздушнымі ўладарамі душ, з хлуснёй, са спаласаванымі мужыкамі, з апляванай, забароненай мовай. Але яшчэ і з паплавамі, і з сінімі вербалозамі на берагах рэк. Няхай няшчасная, няхай забітая і абылганая, але свая, найлепшая ў свеце». Тут выяўлены і замілаванне Ясюкевіча да роднай зямлі, і глыбокая журба, і боль.
Нібы ў сне, згадвае Пятрок і пра тое, калі іх прыціснулі да Доўгай Кручы на Дняпры, як раўлі гарматы і людзі падалі са стромы ў ваду. Глыбокім трагедыйна-філасофскім зместам, роздумам пра сваю радзіму і яе лёс у кантэксце грамадскіх і сацыяльных катаклізмаў, што адбыліся на зямлі, напоўнены і Петраковы думкі, якія аднойчы ўзніклі ў яго каля егіпецкіх пірамідаў: «Усё адно людзі гінуць і народы гінуць, і працэс гэты няўхільны, а на зямлі не застаецца нічога, акрамя магіл». Праз усмешку сфінкса, які шмат перажыў і шмат пабачыў на сваім вяку, вартымі жалю і марнымі здаліся Петраку высілкі і спробы людзей нешта змяніць у жыцці. I тым не менш як выклік сфінксу ў герою абуджаецца прага жыць і захаваць для будучыні гэтую кволую дзяўчынку, што вярнула яму радзіму, якую нельга страціць і да якой трэба вярнуцца, каб прадоўжыць пачатую справу.
Похожие статьи:
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Чазенія - ГДЗ
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Кніганошы - ГДЗ
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Кніганошы
Уладзімір Караткевіч → Творчасць Уладзіміра Караткевіча
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Лісце каштанаў