Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Караткевіч - Паром на бурнай рацэ

   1. "Паром на бурнай рацэ" – твор пра падзеі паўстання 1863-1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Гэта псіхалагічна вельмі насычаны і дынамічны аповед, дзе пісьменнік, абапіраючыся на сямейнае паданне пра свайго родзіча, удзельніка тых падзей, апісвае час, калі паўстанне ўжо затухала. Праўда, разрозненыя групы паўстанцаў яшчэ блукалі па лясах. Яны былі ўжо не такімі баяздольнымі, як у разгар паўстання. Тым не менш пагроза для ўрадавых войск яшчэ існавала. Таму паром на Дняпры ахоўваўся ротай салдат. Тут у бурлівую жнівеньскую ноч 1863 года і разгортваюцца трагічныя падзеі.
   2. У аснову аповеду лёг эпізод на пароме, калі жонка прысуджанага на смяротнае пакаранне Грынкевіча, горача і самааддана змагалася за пераправу яе на той бераг, каб перадаць памілаванне мужу, аднак, яе ўтрымліваў капітан Пора-Леановіч па загадзе ўладаў.
   Пора-Леановіч дакладна выконвае загад: ён адмаўляе жанчыне ў пераправе, хаця тая маліла яго амаль на каленях. Ён быў раўнадушны, пагардлівы, абыякавы.
   Гораў адчуваў сябе дрэнна, ён спачуваў жанчыне, яму было яе шкада, ён хацеў дапамагчы ёй, застацца афіцэрам. Ён праяўляе сябе міласэрдным, добрым, гуманным.
   3. Дзеянне адбываецца ў гады паўстання 1863 г. Генерал Фікельмонт даў загад знішчыць усе чаўны і лодкі. Адзіны паром ля Магілёва ахоўвала рота выпрабаваных у баях салдат пад кіраўніцтвам капітана Пора-Леановіча. "Капітану не надта верылі як нашчадку сепаратысцкай фаміліі і ўраджэнцу Магілёва. Таму "ў дапамогу яму" і "на адпачынак" паставілі, таксама капітана, Юрыя Горава, карэннага русака са старой маскоўскай фаміліі".
   Кіраўнік паўстанцаў Усяслаў Грынкевіч быў узяты ў палон і асуджаны на смерць. На кардон (заставу) прыляцеў улан, штосьці перадаў Пора-Леановічу, і яго хутка пераправілі на другі бераг.
   Пачалася страшэнная навальніца, якую ў народзе называюць "вераб’іная ноч". У цемры двара, якую штохвілінна сляпілі бліскавіцы, з’явілася карэта. Маладая жанчына прасіла пераправіць яе на той бераг. Яна везла ў крэпасць памілаванне мужу, Усяславу Грынкевічу, падпісанае яго "сіяцельствам" графам Мураўёвым. Расстрэл кіраўніку атрада інсургентаў замяняўся пажыццёвай катаргай. Пора-Леановіч ветліва, але цвёрда патлумачыў жанчыне, што зможа пераправіць яе толькі раніцай – такі загад.
   Гораву, якога ўразіла прыгажосць і мужнасць жонкі асуджанага, у нейкі момант здалося, што начальнік кардона здзекуецца над госцяй. Жанчына ў адчаі гатова плыць цераз раку сама, але капітан не дазваляе і гэтага. Разумеючы пакуты незнаёмкі, Гораў згодны пераправіць яе, Пора-Леановіч, як старшы па званні, забараняе. Аднак разам з салдатам Іванам яны пераправілі жанчыну на той бераг.
   Вяртаючыся на заставу, Гораў заўважыў Пора-Леановіча, той стаяў на паромным прычале і саркастычна-пагардлівымі вачыма глядзеў на яго. Начальнік кардона расказаў што Мураўёў падпісаў памілаванне і аддаў ліст у рукі жонкі Грынкевіча. А за дзве гадзіны да гэтага з губернатарскай поштай паслаў фельд’егера, каб на месцы паспяшаліся з выкананнем смяротнага пакарання. Гэты пасыльны перадаў яму, Пора-Леановічу, загад затрымаць жанчыну да трох гадзін раніцы, што ён і зрабіў.
   Жонка Грынкевіча спазнілася ўсяго на дзесяць хвілін. Пра гэта паведаміў улан, які вяртаўся з горада. Ён перадаў таксама, што генерал Фікельмонт выказвае Пора-Леановічу ўдзячнасць за дасканала выкананы загад.
   Гораў выклікаў Пора-Леановіча на дуэль і нечакана для сябе смяротна параніў капітана. Перад апошнім уздыхам з вуснаў Пора-Леановіча прагучалі словы падзякі.

   Завязка – Прыбыццё на паром жонкі Грынкевіча

   Кульмінацыя – эпізод сустрэчы Горава з капітанам Пора-Леановіча і ўланам, калі Гораў даведваецца, што ўсё было толькі гульнёй у памілаванне, а на самой справе пакаранне смерцю ўжо адбылося, жанчына спазнілася на дзесяць хвілін.

   Развязка – дуэль і смерць Пора-Леановіча.

   4. У гэтага чалавека не было нічога святога, ён грэбліва ставіўся да ўласных продкаў, да свайго народа, да мінулай гісторыі і да сучаснасці, такі чалавек не быў дастойны жыцця і ён сам гэта разумеў. Усведамленне віны перад народам, якому ён здрадзіў, пякучы боль за зняважаную і прыгнечаную родную зямлю нараджалі ў яго пакалечанай душы гнеў і пагарду да сябе і да ўсяго свету. Такая развязка была адносна чаканай, гэтаму садзейнічалі некаторыя дэталі: Пора-Леановіч быў заўзяты дуэлянт і добра страляў, бо трэніраваўся штодня, аднак ён свядома вырашыў страляць левай рукой, прапануе Гораву выбраць лепшы пісталет. І самае галоўнае – папярэдняе рашэнне Леановіча не страляць у Горава, смяротна паранены ён кідае ўбок свой пісталет.
   Паміраючы, Пора-Леановіч прамаўляе: "Дзякуй вам... Дзякуй..." Перад самай смерцю ён зведаў хвіліны духоўнага ачышчэння і адначасова адчуў фатальную наканаванасць, непазбежнасць сваёй смерці.

   5. Паводзіны царскіх сатрапаў, генералаў Мураўёва і Фікельмонта, якія выдалі жонцы Грынкевіча дакумент аб памілаванні мужа і ў той жа час далі загад падначаленым зрабіць так, каб яна спазнілася і Грынкевіч быў пакараны смерцю, нельга назваць дастойнымі чалавека. Гэта нелюдзі, жорсткія, крывавыя, у іх няма нічога святога, ілжывыя, подлыя, нядобрыя, крывадушныя.

   6. Пора-Леановіч ставіцца да гэтага амаль абыякава, ён выканаў загад, у яго не было спачування ні да жонкі Грынкевіча, ні да самога асуджанага на смерць чалавека (нездарма ён гаварыў аб тым, што не шкадуе жанчын і дзяцей, ідзе па трупах…). Аб гэтым сведчаць яго выказванні:

   "– Не мне ж іх шкадаваць. Як кажуць, воўк ваўку – чалавек."
   "– Для самазаспакаення думайце, што гэты інсургент быў крыклівы кар’ерыст, а яго жонка – распусніца."
   "– Ідзіце па трупах, дарагі Гораў. Ідзіце па трупах... А пакуль што... – Ён пазяхнуў. – Пакуль што ідзіце лепей выспіцеся..."

   Пора-Леановіч – абыякавы, у яго няма ніякіх маральных паняццяў, ён жорсткі, непрыемны, люты, злы чалавек, але і чалавечага ў ім засталося вельмі мала.
   Зусім іншы Гораў, ён усёй душой спачувае жанчыне і прама дае сваю ацэнку паводзін царскіх сатрапаў:
   "– Тут не прысяга. Вайсковы загад не можа датычыцца жанчыны, якая вязе літасць свайму мужу. I той не афіцэр, хто не паможа жанчыне ў такіх абставінах."
   "– Калі гэта праўда, то ён падлюга."
   "– Гэта ганебна, тое, што вы кажаце."

   Гораў – сапраўдны афіцэр і мужчына, міласэрны, мужны, адкрыты, здольны на суперажыванне і ўзаемадапамогу, глыбока паважае жанчын, паводзіць сябе высакародна.

   7. Жонка Грынкевіча – моцная, напорыстая асоба. Дзеля каханага чалавека, яна гатова плыць па халоднаму навальнічнаму Дняпру, каб адвезці памілаванне мужу. Яна здольнае на многае, вось што гаворыць пра яе Пора-Лановіч:
   "Жанчына, відаць, не шкадавала грошай: яна ехала, наступаючы яму на пяты. Як яна магла зрабіць такую дарогу за сорак восем гадзін – не ведаю. Гэта трэба быць жалезным чалавекам..."
   У той жа час яна прыгожая, яркая жанчына:
   "Ніколі яшчэ Гораў не бачыў такога аблічча. Густыя цёмныя бровы, якія здаваліся б амаль мужчынскімі, каб не агромністыя, як чорныя азёры, бліскучыя вочы і прыпухлы маленькі рот. Прамы невялічкі нос, мяккі авал трохі асіметрычнага аблічча, якому самая гэтая асіметрычнасць надавала дзіўны выраз мяккай жаночай пакорлівасці і адначасова ўладнасці, нават прывычкі ўладарыць..."
   Яна жыве адным жаданнем – выратаваць мужа. Вестка пра памілавання для яе была вялікай надзеяй захаваць яму жыццё:
   "– Але, – сказала жанчына, – вы ж бачыце, што я вязу памілаванне. Будзьце літасцівы. Замянілі пажыццёвай катаргай. Гэта такое шчасце! Такое...
   Яна ўпершыню ўсміхнулася. Не было нічога прыгажэйшага за гэту ўсмешку..."
   Жанчына не баялася смерці, яна гарэла толькі адным жаданнем паспець:
   "Жанчына, здавалася, не заўважала інтанацый Леановіча.
   – Для асуджанага кожная гадзіна чакання – гэта лішнія маральныя пакуты, – проста і сурова сказала яна. – Вы ведаеце гэта...
   – Вы можаце загінуць пры пераправе.
   – Я не баюся гэтага."
   Цвёрдая, самааданая, бястрашная, сапраўдная гераіня. Любая б жанчына на яе месцы расплакалася б. Але толькі не гэта валявая і моцная асоба.
   Не плакала яна і пасля таго, як убачыла забітага мужа:
   "– Жонку бачылі?
   – Так точна. Спазнілася хвілін на дзесяць. Яна амаль да абвахты падышла, а тут на задворках як каленкор ірванулі... То яна бегла, а тут пайшла, як сонная... А гэты, вядома, яшчэ цёплы быў.
   – Плакала? – спытаў Гораў.
   – Не, зусім не плакала. Толькі і сказала: "Божа, пакарай іх..." Не шкадавала."
   Адзіным жаданнем для яе было запісацца на прыём да Мураўёва і выказаць яму ў твар які ён подлы і нізкі чалавек. І яна не спужалася Сібіры, цяжкай долі.

   8. Прырода ў апавяданні паказана неспакойнай, трывожнай, нават страшнай. У цэнтры знаходзіцца апісанне вераб’інай ночы. Гэта сімвалічна: па народным вераванням "рабінавая ноч", калі, "чэрці выходзяць з пекла, каб адзначыць нейкае сваё важнае свята, а Ілля-прарок, даведаўшыся пра гэта, "паліць іх, нячыстых, перунамі" Шматлікія народныя календары тлумачаць таксама, што ў такую ноч нібыта з’ядноўваюцца сілы прыроды, каб даць адпор "нячыстай сіле". Такое супрацьстаянне было і ў Леановіча з жонкай Грынкевіча на пароме, між двух берагоў. Леановіч, улан і Мураўёў выступілі сіламі зла. Гораў, жанчына і салдат Іван – дабра. Навальнічная ноч таксама адпавядае трывожнаму стану душы герояў.
   Падчас дуэлі пейзаж таксама адыгрывае важную ролю ў апісанні душэўнага стану Горава. Ён разумеў, што Пора-Леановіч страляе лепей за яго, таму гэтыя хвіліны апошнія ў яго жыцці. Абвостраныя і балючыя пачуцці авалодалі Горавым напярэдадні двубою. Яму здалося, што кнігаўка не проста трывожна крычала "пі-іць, пі-іць", а ў смяротнай скрусе плакала "жы-ыць, жы-ыць". Ён "з жахлівай выразнасцю, як ніколі ў жыцці", убачыў, што "мокрыя травы пакідалі на ботах бледна-зялёныя сцяблінкі і пялёсткі перастаялых кветак". Перад тым як націснуць курок пісталета, ён удыхнуў гаркаватае паветра.

   9. Галоўная думка твора носіць глыбока гуманістычны характар, аўтар услаўляе свабоду, справядлівасць, чалавечнасць як найвышэйшыя чалавечыя каштоўнасці, асуджае здрадніцтва, помслівасць, карныя дзеянні да тых, хто адстойваў свабоду і незалежнасць свайго народа.

Похожие статьи:

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Кніганошы

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Чазенія - ГДЗ

Уладзімір КараткевічУладзімір Караткевіч - Лісце каштанаў

Уладзімір КараткевічТворчасць Уладзіміра Караткевіча

ПераказыПаром на рацэ