Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Караткевіч - Ладдзя Роспачы

   Галоўны герой легенды — "небагаты, але добрага роду дваранін" Гервасій Выліваха з горада Рагачова. "Быў ён багаты сябрамі і неабдзелены жаночай увагай. Сабою быў дзівосна гожы і пяшчотны, а паводзін — самых заганных. Хобаль, залётнік, піяка, задзіра, біток, бабздыр несамавіты. Не было на ўсёй зямлі беларускай падобнага яму".
   Многія ашуканыя мужы былі незадаволены Вылівахам, але нічога, на жаль, не маглі з ім зрабіць. I вось тады, калі свае землі аб'язджала Бона Сфорца, жонка Жыгімонта I Старога, яны звярнуліся за дапамогай да яе. Каралева выклікае да сябе Выліваху і імкнецца скіраваць таго на правільны шлях, угаворвае яго кінуць распусту і разгульнае жыццё. Аднак намаганні каралевы засталіся марнымі. У размове з Бонай Сфорца ён сказаў, што нельга рабіць касцёл з усяго свету, што жыццё кароткае і што людзі гавораць пра заўтра, якога не будзе, бо не ўмеюць жыць. Выліваха аказаўся незвычайным жыццялюбам. Ён умеў любіць. За ўсе свае грахі Выліваха папрасіў у каралевы толькі аб адной паслузе: ён жадаў бы паказаць ёй гэты свет... I каралева згадзілася. Яна была ў захапленні. "А потым, — апавядае пісьменнік, — паехала, так і не пахіснуўшы Выліваху ў яго абрыдлівай і закаранелай epаcі і, галоўнае, не пакараўшы яго. Дзіўна, на вуснах яе не было горкай усмешкі, што спадарожнічае паражэнню, а вочы былі прасветленыя, нібы яна ўдастоілася сузіраць святы Грааль, які, як вядома, ёсць вышэйшая ісціна". I тады да Вылівахі прыйшла другая жанчына, вышэй за якую нікога не было на зямлі. Гэта была Смерць. Герой вельмі здзіўлены з'яўленню гэтай міфічнай істоты з касою за спіной. Ды і яна нібы збянтэжылася: "Больш за ўсё я не люблю прыходзіць па такіх, як ты, — урэшце сказала яна. — Яны такія прагныя да жыцця, што я пачынаю думаць: ці не памылілася я са сваёй работай. I яны так любяць гэтую зямлю, што я ў сваіх пячорах пачынаю на хвіліну зайздросціць ім". Пісьменнік, па-майстэрску выкарыстоўваючы ўмоўна-фантастычныя прыёмы жанру фальклорных і агіяграфічных твораў, паказвае далейшыя прыгоды Вылівахі ў падземным царстве.
   Адыходзячы ў свет ценяў, Выліваха захапіў з сабою кветку шыпшыны як адзнаку той зямлі, якую яму балюча пакідаць і якая да апошніх дзён жыцця застанецца з ім. На мяжы быцця і небыцця, у крытычны і адказны момант свайго жыцця пранікнёна і шчыра прамаўляе: "Божа зямлі маёй... Нялітасцівы і жорсткі, калі ты ёсць. Нядбалы і сонны. Што б ні было, як бы ты ні здзекаваўся з яе — я ўсё ж веру табе. Таму што воляй тваёй я нарадзіўся тут, дыхаў яе паветрам, піў яе ваду, еў яе хлеб і цалаваў яе жанчын. Які б ты ні быў — я бласлаўляю гэты твой адзіна разумны ўчынак". Пісьменнік выказаў тут нешта вельмі ўласнае і запаветнае.
   Жыццёвы аптымізм, бадзёрасць і гумар не пакідаюць героя і ў падземным царстве. Ён здзекліва адзываецца пра папа, які і ў ладдзі на стырне сядзіць, абураецца, што і за перавозку ў царства памерлых, як і ў жыцці за ўсё, трэба плаціць, а Перавозчыка параўноўвае з цівуном, пяе цудоўныя песні, напоўненыя радасцю жыцця, любоўю да пакутнага і дзівоснага роднага краю, да ягонага люду, які "ўпарта ўстае над светам нават пасля найцямнейшай ночы". Кветка-шыпшына, ягоная зямля, заўсёды была з Вылівахам, яна давала яму сілы, і яе яркае святло адганяла пачварных уладароў падземнага царства. I таму за жыццярадаснасць сваёй натуры ён павінен паплаціцца перад Смерцю. Але перад тым, як пазбавіць сваю ахвяру забыцця, Смерць вырашыла прынізіць і зняважыць яе, сцвердзіць марнасць чалавечага жыцця. Першае, што яна зрабіла, гэта пасадзіла ў ладдзю побач з Вылівахам Бярозку, дзяўчыну, што была вельмі падобная на адзіную жанчыну, якую ён некалі больш за ўсё кахаў і якая "не аднеслася паблажліва да яго маленняў".
   Смерць зларадна кідае горкія і балючыя словы: "Я ведаю цану ўсім вам. Мужчыны подлы народ, але няма нікога падлейшага за жанчын..." Словы гэтыя былі сказаны тады, калі яна згуляла з Вылівахам у шахматы на ягонае жыццё і выйграла партыю. Выліваха ведаў, што ў Смерці нельга выйграць. I тым не менш гуляў з ёю. Жыццё таксама гульня. I ён хацеў прадоўжыць хоць на некаторы час сваё існаванне. Смерць здзекліва насміхаецца з чалавечага племені, у якім, на яе думку, гатовы кожны, кінуўшы ўсіх астатніх, ратавацца. Аднак Выліваха адмовіўся гуляць на кветку, што ўвасабляла родную зямлю. Аказваецца, не ўсемагутная Смерць. Нягледзячы ні на што, нязломным з'яўляецца людскі дух.
   Смерць прапануе Выліваху згуляць на дваццаць гадоў жыцця ўсіх тых людзей, якія прыйшлі да яе разам з ім. I герой згаджаецца. Хоча выратаваць іх і сябе. Прага да жыцця кіруе ўсімі думкамі Вылівахі: "Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш... Таму што толькі дурні разважаюць заўсёды па правілах здаровага сэнсу". I Смерць на гэты раз "не магла адолець толькі аднаго: боскай непаслядоўнасці чалавечай думкі". Галоўны герой разам з Бярозкай, са сваімі новымі сябрамі вяртаецца на зямлю. Нельга перамагчы чалавека, нельга перамагчы народ, "які жыў насупор і не так і ўзрошчваў шыпы на сваіх карэннях, а не на сцяблінах", нельга перамагчы жыццё — галоўная думка твора.
   У вобразе Гервасія Вылівахі ўвасобіўся нацыянальны характар, жывы народны дух, непакорлівы, насмешлівы, невынішчальны і стойкі ў любых нягодах. Трапіўшы ў падземнае царства, Гервасій жыве рэальнымі і зямнымі інтарэсамі. I глядзіць на ўсё аптымістычна. Знешне спакойны ён нават і тады, калі Смерць напамінае, што павук Арахна хутка вып'е з яго жыццё і памяць. Гервасій пры гэтым раіць той абнавіць яе гаспадарку.
Гервасій Выліваха адчувае сваю перавагу над ценямі падземнага царства Смерці, ён над усімі імі насміхаецца, здзекуецца з іх.
   Пісьменнік пераканаўча паказаў, што і на беларускай нацыянальнай глебе ёсць постаці тыпу Пантагруэля, Тыля Уленшпігеля ці Кала Бруньёна. Гервасій Выліваха і Юрась Братчык — іх духоўныя браты. Гэта натуры актыўныя і неспакойныя. Яны таксама ўвасабляюць здаровы народны пачатак ва ўспрыманні і ацэнцы жыцця, народны гумар і аптымізм. Уладзімір Караткевіч упершыню ў беларускай літаратуры стварыў такія каларытныя і самабытныя характары.
   Твор вызначаецца раскаванай, лёгкай і гарэзлівай манерай апавядання. Адначасова ён прасякнуты глыбокім роздумам пісьменніка над сутнасцю жыцця і лёсам роднай зямлі. Ладдзя Роспачы — гэта Беларусь, якая, пераадольваючы змрок забыцця, бяспамяцтва і жахі апраметнай, уваскрасае і адраджаецца. Ад смерці і знікнення яе ратуе Гервасій Выліваха — жыццялюб, мастак (ён не расстаецца з лютняй і ў царстве Смерці), абаронца людзей, бунтар і шчыры патрыёт роднай зямлі. Уладзімір Караткевіч сцвярджае, што любоў, цярпенне, смех і жартаўлівасць дазволілі беларускаму народу выстаяць у самых неспрыяльных умовах.
   I яшчэ пісьменнік выкрывае такую ганебную з'яву, як здрада, рэнегацтва. Так, у Перавозчыка (Шолаха), які прадаў Полацк кіеўскаму князю Уладзіміру, пасля песні Гервасія Вылівахі пакаціліся пякучыя слёзы. Яны знішчылі на вачніцах плесню, і з-пад яе з'явіліся вочы. Перавозчык становіцца не толькі фізічна, але і духоўна відушчым. Ён з болем перажывае ўласную здраду, якая прынесла няшчасці Полацку. Апавядаючы пра трагічную гісторыю Рагвалода і ягонай сям'і, ён дае ацэнку кіеўскаму князю Уладзіміру, называе яго страшным чалавекам, заўважае, што "і не апосталам ён быў роўны, а самому Сатаніілу". Палачанін згадвае, што ў пазнейшыя часы Іван Крывавы "выразаў ледзь не ўвесь мой горад". Гальяша-медавара таксама не пакідае трывожная памяць пра знішчаны стральцамі ягоны горад. Гервасій Выліваха думае, "што як Смерць вось зараз не можа перамагчы яго, так ніколі не пераможа яго жывых братоў вялікае каралеўства, у якім уладарыў рагаты ягоным дбаннем Цыкмун", нават калі гэтаму будуць спрыяць некаторыя нягоднікі са знакамітых шляхецкіх родаў.
   Падзеі, што апісваюцца ў "Ладдзі Роспачы", як сцвярджае і сам аўтар на пачатку апавядання, адбыліся чатырыста год таму. Аб гэтым сведчыць і наступны факт. Над ладдзёй з'яўляецца істота цара Івана Крывавага, які на тым свеце не атрымаў забыцця і таму за свае злачынствы павінен пакутаваць да той пары, пакуль, як адказаў некаму з ладдзі Перавозчык, "такія, як ты, не кінуць яго хваліць". Як вядома, цар Іван IV Жахлівы (Крывавы) памёр у 1583 годзе. Аднак Бона Сфорца не магла жыць у 80-я гады XVI стагоддзя (каралева памерла ў 1557 годзе). Магчыма, тут, свядома ідучы на пэўныя зрухі ў часе, Уладзімір Караткевіч хацеў супрацьпаставіць рускі і італьянскі дэспатызм. Аднак несумненна тое, што напісаны твор пра жыццярадаснага чалавека, пра яго духоўнае разняволенне.
   Прататыпамі Гервасія Вылівахі маглі стаць дзядзька Ігар Васільевіч Грынкевіч і ягоныя сябры-рыбаловы. Так, у лісце да Янкі Брыля за 21 жніўня 1959 года Уладзімір Караткевіч, згадваючы свой нядаўні, амаль месяц, побыт у Рагачове, пісаў: "Падабралася ў нас кампанія: я ды дзядзька, ды два яго сябры, Мікола ды Пятро. I што мы нарагаталіся, што разыгралі адзін аднаго, што юшкі насёрбаліся! I галоўнае, кожны дзень — гэта тысячы адкрыццяў".

Похожие статьи:

ПераказыЛось (Паводле І. Пташнікава)

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Мёртвым не баліць

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Смерць палкоўніка

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Ведаю, што і я памру, як і ўсе...

Алесь ГарунАлесь Гарун - На смерць