Дануце Бічэль
Каложа, туга мая светлая!..
Ў чорны Нёман па чорным шкле
Сіняй кропляй спадае ракета,
Быццам зорка ў ціхі Бетлем.
Ў вокны цёмныя заглядае,
Ззяннем бледным шукае кутка,
Дзе хваіна ў грубцы страляе,
Дзе ў жанчыны дзіцё на руках.
Глянь, абраная. Гэта не ў Нёман,
Не ў цямноцце, не ў соне, не ў драму –
Ў веліч падае зорка бяздомная,
Ў снег і ў сэрца сыну твайму.
І ў няпэўным хвілінным блакіце,
Ўся адзіная, ўся са святла,
З небам, з Нёмнам, з зямлёю злітая,
З сэрцам нашым – Каложа ўзрасла.
Трохі ў зелень, як пер’е качынае,
Трохі ў бэз і трохі ў гранат,
Уся – крышталь невыказна сіні,
Ўся – як край наш, як сон, як вясна.
Ўскінь далоні тонкія ўгору,
Сыну неба акрэслі шлях,
Каб навекі адбіліся зоры
У тваіх і дзіцячых вачах.
Каб ніколі перуны чужынныя
Не асмеліліся скасіць
Ні цябе, ні Каложы,
дзяўчыны
З ніў і пушчаў Беларусі.
І калі ўзнясе вас над светамі –
Прыгадайце ў вечным святле,
Як самотная зорка – ракета
Ціха падала ў цёмны Бетлем.
Похожие статьи:
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Кніганошы - ГДЗ
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Чазенія - ГДЗ
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Кніганошы
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Лісце каштанаў
Уладзімір Караткевіч → Творчасць Уладзіміра Караткевіча