Ёсць боль затоенай тугі
У кволым паху звялых кветак,
Нібы ў канання час благі
Ім родны марыцца палетак.
Нібы шчэ вераць – вось дыхне
Паветра хваляю гаючай
І з хаты верне іх вясне,
І знаюць – згуба немінуча.
Людская жорсткая рука
Іх, далікатных, ў поўным квету,
Там, дзе прастор, палі, рака,
Сабрала рупна да букету.
І на маім стале зямлі
Краса, найвысшая аздоба,
Яны цвілі і адцвілі –
І тайнай іх была жалоба.
Ў самотнасць невясёлых дзён
Яны ўвівалі летуценні
І згадкі лёгкія, як сон,
Аб сонца радасным праменні.
І раніц звонкіх галасы,
І чуласць ветру незвычайна,
І хараство густой расы
Прачыстай валадалі тайнай.
І не дазнаў ніхто б яе,
Калі б не гэты пах смяротны,
Што дымам кадзіва ўстае,
Такі тужлівы і маркотны...
1923
Похожие статьи:
Уладзімір Жылка → Уладзімір Жылка - Хараство
Уладзімір Жылка → Уладзімір Жылка - Марта
Биографии → Уладзімір Жылка
Уладзімір Жылка → Уладзімір Жылка - Каханне
Уладзімір Жылка → Уладзімір Жылка - Меч