Апратка проста і будзённа,
Сабраны ў косу валасы,
Снуе задума звольна, сонна
Убор звычайнае красы.
Нібы ў гадзінніку пясковым,
Плыве цурок драбніц-клапот,
Жаданні цюцькаю вартовым
Не адбягуцца ад варот.
Бяздум'е броваў непрывабна,
І на твары спакой цяжкі,
Пастава пруткая нязграбна,
Нязграбны рух яе рухі.
Імя, як ноч, глухое - Марта1
Не зачаруе чулы слух,
Пагляд прыцішаны, упарты
Лятункамі не ўскрыліць дух.
Вось гэткую, Хрысце, ў Бетане2
Ты знаў, як я, ў сваю пару,
Марыі, ўзвышанай каханнем,
Затурбаваную сястру.
І Ты, калі ад воч Марыі3
На Марце супыняў свой зрок,
Ты сілы знаў яе зямныя,
Няўдалы, цяжкі бачыў крок.
І Ты пад лёгкаю тканінай
Грудзей заўважваючы спель,
Ты чуў, як кроў стае няўпыннай,
Як захмяляе цела бель.
І дума здрадная самоты
Ўзнікала іскрай між другіх:
Ці гэткім аддаюць пяшчоты?
Ці льга кахаць такіх брыдкіх?..
Прайшлі вякі... Яна ж адвечна
Ўсё тою ж буднасцю цвіце,
І я на думцы недарэчнай
Лаўлю сябе, як Ты, Хрысце.
1923
1. Марта (бібл.) - сястра Лазара і Марыі Магдаліны, разам з Марыяй прымала Ісуса Хрыста ў сваім доме ў Віфаніі (Бетані).
2. Бетань (Віфанія) - мясцовасць на поўдзень ад Іерусаліма, дзе Ісус Хрыстос уваскрасіў Лазара.
3. Марыя Магдаліна (бібл.) - сястра Лазара, паслядоўніца Ісуса Хрыста, адна з міраносцаў. Прысутнічала на Галгофе пад час укрыжавання Хрыста; згодна Дабравесцю паводле Яна (раздзел XII) Марыя Магдаліна пасля ўваскрашэння Лазара памазала Хрысту ногі нардавым мірам і абцерла сваімі валасамі. На яе ж была ўскладзена місія звеставання апосталам пра ўваскрашэнне Хрыста. У сусветнай літаратуры Марыя Магдаліна стала вобразам блудніцы, якая пакаялася.
Уладзімір Жылка супрацьпастаўляе прыгожую, "узвышаную каханнем" Марыю - Марце "ў апратцы простай і будзённай", з "нязграбнай паставай" і "прыцішаным паглядам".
Похожие статьи:
Уладзімір Жылка → Уладзімір Жылка - Меч
Уладзімір Жылка → Уладзімір Жылка - Каханне
Уладзімір Жылка → Уладзімір Жылка - Матылі
Уладзімір Жылка → Уладзімір Жылка - Хараство
Биографии → Уладзімір Жылка