Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Жылка - Верш развітання

Феліксу Купцэвічу,
сэрцу, раздзертаму
болем па Бацькаўшчыне,
прысвячаю


О, мой Край, – раздарожжы з крыжамі,
І разоры разворвае жудзь!..
Люты боль працінае нажамі,
Што мне песень тваіх не пачуць.

О, мой Край, ў яснавейнае ранне,
Калі твой пахапляў я намер,
Быў ты першым, дзіцячым каханнем,
Мне й апошнім застанься цяпер.

Думаў я, што не будзе выбоін,
Не наважацца стрымваць хады,
Што мінуўшчыны крыўды загоім
Буйнай хваляй вясновай вады.

Але не... хмуры твар майго люду
Кажа зноў аб нядобрай сяўбе.
І мяне, як злачынцу-прыблуду,
Павядуць сумаваць без цябе.

Не спытаю, чаму і завошта
Адрываюць ад бацькаўскіх ніў –
Я юнацтва і радасцяў коштам
За каханне сваё заплаціў.

Што зраблю я вось з гэтакім сэрцам,
Яно зранена дзідай завей,
Мо затым, каб не быў спраняверцам,
Мо затым, каб любіў я мацней!

Мо затым, каб навек непарушна,
Каб навек зліўся з Краем мой дух,
Маё вернае сэрца, ты слушна
Закавана ў пакуты ланцуг!

О, мой Край, злога ветру пагудкам
Не заліць твайго шчасця зару!
Гэты верш развітання і смутку
Ты згадай ў залатую пару!

Дык бывай жа здаровы, каханы,
Зацвітай і красуй у вякох!
Скажуць людзі: як ліст адарваны,
Па табе я ў чужыне засох.

1931

 

Похожие статьи:

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - Будучыня

ПераказыМой край

ПераказыСвой край

ПераказыСвятло Радзімы

Авяр’ян ДзеружынскіАвяр’ян Дзеружынскі - Я спяваю, ты спявай!