Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Уладзімір Дубоўка - Пузыр, Саломінка і Лапаць
1
Пузыр, Саломінка і Лапаць
сабраліся ў адну дружыну.
Ніхто іх не прыходзіў сватаць, –
на ўсё ў жыцці свае прычыны.
У кожным разе, ў падарожжы
было іх безумоўна трое.
Меў асабісты выгляд кожны,
ды лёс аднолькавы затое.
Пра ўсе іх радасці і гора –
вось гэта казка і гаворыць.
2
Пузыр вісеў пад столлю ў хаце.
На ім і пыл, на ім і мухі.
А возьмуць дзеці забаўляцца –
ад цяжкай мукі ён аж вухкаў.
Калі ж падыдзе коцік шэры, –
падхопіць лапкамі сваімі, –
тут проста уцякай праз дзверы,
бо і жыццё загіне з імі.
Так і зрабіў Пузыр аднойчы,
не пабаяўшыся і ночы:
устаў і выйшаў на дарогу,
шукаць жыцця сабе другога.
3
Ідзе дарогаю шырокай,
абцасы ляскаюць па бруку.
Прыцішылася ўсё навокал,
бо напалохаў гэткі грукат.
I нават прытаіўся вожык,
пры гэтым упусціўшы мышку:
пакуль заціхне грук трывожны, –
лепш пераседзець у зацішку...
4
Ідзе Пузыр сваёй дарогай,
па бруку ляскаюць абцасы.
Ды нейкі смутак і ў самога
ўсё павялічваецца з часам.
I чуе ён, – пад самым плотам
галосіць нехта ў немы голас.
Пузыр пытаецца:
– А хто там? –
Адказ прыходзіць невясёлы,
гаворыць нехта:
– Хто ж я? Лапаць!
Стапталі, кінулі ў аддзяку...
– Хоць лапаць, дык чаго ж там плакаць?!
Няма і крыўды тут ніякай.
Мяне кідалі неаднойчы,
ды як – з кутка ў куток, аб сцены.
I то былі сухімі вочы,
не аднаму табе і дрэнна!
Вылазь! Пайшлі удвух памалу,
шукаць утульнага прыпынку,
пакуль цябе тут не сажвала,
шукаючы прысмакаў, свінка...
5
Падняўся памаленьку Лапаць,
з-пад плота на дарогу вылез.
I слёзы перасталі капаць,
зрабіўся весялейшым выраз.
Цяпер – удвух, цяпер – героі,
цяпер не страшны ім і заяц!
З такога добрага настрою
ідуць далей і неба хваляць.
Прайшлі з паўметра, можа болей,
ніякага не знаўшы страху.
I тут раптоўна так абое
і пакаціліся з размаху.
Пад імі:
– Гвалт! Ратуйце, людцы!
Ускочылі, працерлі вочы,
ніяк да сэнсу не даб’юцца:
чаго ад іх і хто тут хоча?
6
Ды ўсё ж праяснілася справа:
Саломінка ляжала перак!
Для нечаканай гэткай з’явы –
не знойдзеш ні вагі, ні мерак.
Пузыр надзьмуўся ад знявагі,
з ім натапырыўся і Лапаць.
– Тваёй і не хапае звягі!
Ану, ўставай! Даволі плакаць!
Табе і месца не хапіла,
як толькі легчы на дарозе? –
Саломінка ўстае праз сілу
і прабачэння сціпла просіць.
Пузыр да справы ўсё даходзіць,
ніяк не дабярэцца толку:
– Ляжыш на самым пераходзе!
Чаму ты тут, а не ля току? –
Саломінка і кажа шчыра:
– Даруйце мне за ўсю знявагу!
Хоць паляту я ў самы вырай,
а на дарозе больш не лягу... –
Тады уставіў слова Лапаць.
– Няхай ідзе Саломка з намі:
яна адна не будзе плакаць
і ў нас не будзе пад нагамі... –
Даў згоду і Пузыр на тое.
Былі удвух, цяпер іх трое.
7
Пузыр, аднак, глыбей кранае:
– Нас трое. Мы цяпер павінны,
калі ўпадзе бяда якая,
стаяць усе сцяною шчыльнай. –
Згадзіліся яны на гэта.
Пайшлі далей павольным кронам.
Было зусім на сходзе лета:
пахаладанне недалёка.
Вось Лапаць і падняў пытанне:
– Пакуль на небе месяц свеціць,
пакуль над намі сонца стане, –
мы з лесу нацягаем вецця.
Агонь разложым. Хто – падрэмле.
А не – дык пагамонім крыху...–
Пузыр і кажа:
– Добра вельмі! –
Вось так яны ідуць паціху.
8
Прыйшлі якраз да самай рэчкі.
А лес – за рэчкай. Там і вецце.
Не абышлося ў іх без спрэчкі,
як і ў людзей на белым свеце.
Саломінка не дрэнна радзіць:
– Пузыр і на вадзе не тоне.
Мы з Лапцем на яго пасядзем
і пераедзем у сасоннік.
Пузыр не згодзен:
– Што ж я – конь вам?
Каб цераз вас намуляць карак?
За што ж гэта і за якое
такую мець павінен кару?
Няхай Саломка ляжа перак
цераз раку, а мы абое –
пярэйдзем, вецця там наберым
і прынясем сюды з сабою...
9
Саломінка сказала проста:
– Не адмаўляюся быць мостам.
Калі такое ваша слова –
я і ў ваду ісці гатова.–
Спынілася адразу спрэчка.
Лягла Саломінка праз рэчку
і кажа ім:
– Ну, калі ласка!
Свае трымаю абавязкі!
10
Пузыр да Лапця:
– Лапаць, кратай!
Трымай вышэй на мосце пяты!
А за табой і я ўздагонку! –
Падняўся Лапаць на Саломку,
прайшоў да самай палавіны
ды з ёю разам і загінуў,
бо не магла яна сабою
трымаць і Лапаць над вадою.
11
Пузыр сяброўству даў прысягу,
казаў:
– За вас касцямі лягу. –
Пузыр павінен даць ратунак.
Цяпер ён зрокся гэтых думак:
стаіць на беразе, рагоча,
дапамагчы сябрам не хоча.
А колькі здзеку ў гэтым смеху!
Каму бяда, каму пацеха.
– Трымайся, Лапаць, за Саломку!
Твая тут справа вельмі тонка!
Ды ты і сам, як добры човен,
бяда – вады вось толькі повен! –
I ўсё рагоча, ўсё рагоча,
дапамагчы ніяк не хоча.
Пасля – парваўся ён са смеху
і скончыў так усю пацеху...
12
Прыйшоў, панюхаў скуркі Вожык
і кажа:
– Хто тут дапаможа?
Як не было ў табе нічога,
так і няма цябе самога...
Похожие статьи:
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Як сінячок да сонца лётаў
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Часіна ды з сокам рабіны...