Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Уладзімір Дубоўка - Першы заработак
Бацька і маці выхоўвалі сына.
Сын быў уцехай, надзеяй адзінай.
Толькі, на жаль, у падобных выпадках
часам бывае не вельмі ўсё гладка.
Бацька гаворыць, што хлопцу да працы
трэба памалу хадзіць прывучацца.
Матчына думка зусім не такая:
«Тая работа яшчэ пачакае.
Можа здарыцца якое няшчасце.
Можа з няшчасця сыночак прапасці...»
Час не чакае. Хлапчына – дарослы.
Стаў паглядаць на дзявочыя косы.
Бацька гаворыць:
– Гультайства даволі!
Так працаваць не пачнеш ты ніколі!
Заўтра выходзь, мой сынок, на работу. –
Сын і пайшоў, але ўсё ж без ахвоты.
Ды не паспеў ён прайсці і два крокі –
хлопца гукаюць сябры-абібокі.
З тымі сябрамі гуляў ён у карты,
з тымі сябрамі ўсялякія жарты...
Вечарам трэба вяртацца дахаты.
«Што зарабіў ты?» – спытаецца тата.
Матка чакае сыночка ля брамы:
– На табе, сынку, рубель серабраны.
Бацька спытаецца пра заработкі,
вось і адказ яму будзе кароткі...
Бацька на сына зірнуў толькі вокам,
скеміў, што сын быў ад працы далёка.
Але пытае:
– Ну як, галубочак,
папрацаваў ты свой першы дзянёчак?
Сын падае той рубель серабраны.
Бацька ўзяў, на рубель і не глянуў.
Зразу рубель у агонь ён укінуў.
– Не зарабляў ты яго, – кажа сыну.
Матка зірнула на сына маўкліва:
«Як ён пазнаў? Гэта нейкае дзіва!»
Раніцай зноў, толькі выйшаўшы з дому,
ён напаткаў учарашніх знаёмых.
Зноў абышоў ён работу далёка.
Так дачакаўся і шэрага змроку.
Вечарам трэба вяртацца дахаты.
«Што зарабіў ты?» – спытаецца тата.
Матка спаткала сыночка ля брамы:
– На табе, сынку, рубель серабраны!
Бацька спытаецца пра заработкі,
вось і адказ яму будзе кароткі...
Бацька дахаты вярнуўся не рана.
Сын падае той рубель серабраны.
Бацька зірнуў і – у агонь зноў з размаху!
Сын да сцяны прытуліўся са страху.
– Не працаваў ты ізноў! – кажа сыну.
«Як пазнае ён?» – здзівіўся хлапчына.
Досвіткам сын зноў падняўся на ногі,
сэрца смылела ў яго ад трывогі.
Сорамна бацьку ўжо глянуць у вочы:
ён спрабаваў ашукаць яго двойчы.
Зразу пайшоў на работу хлапчына.
Ён працаваў, як сапраўдны мужчына.
Дзень ён цалюткі варочаў каменне,
муляр з камення выводзіў скляпенне.
Тут ён не бачыў сваіх абібокаў,
тут працавалі ўсе людзі навокал.
Вечарам, толькі заходзіла сонца,
майстар прыйшоў і падзякаваў хлопцу.
– На табе, – кажа, – рубель серабраны,
шчыраю працай тваёй зарабляны...
Сын патрымаў той рубель на далоні:
– Тата здаволіцца, пэўна, сягоння!
Матка спаткала сыночка ля брамы:
– На табе, сынку, рубель серабраны!
Сын адказаў ёй:
– Пакінь, мама, клопат!
Маю рубель я сягоння з работы.
Думаю, ім задаволіцца тата. –
З добрым настроем ідзе ён у хату.
Бацька сядзіць ля стала і чакае:
– Дзе ж ты так позна, сыночак, гуляеш?
Сын падае свой рубель серабраны,
шчыраю працай што быў зарабляны.
Бацька ўзяў і ў агонь яго кінуў.
Як падхапіўся адразу хлапчына!
Выграб з агню яго голай рукою:
– Што ты тут робіш, татуля, такое?
Гэта не жарты! Ад золку да змроку
я працаваў, і было мне нялёгка.
Бацька смяецца, бо сынам здаволен:
– Веру табе я, сыночак, сягоння!
Веру, што ты зарабляў яго шчыра, –
голай рукою з агню нават выграб!
Будзе ляжаць ён асобна, бо першы –
ён і цяжэйшы,
але і мілейшы.
Похожие статьи:
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Паляжам мы
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Часіна ды з сокам рабіны...
Уладзімір Дубоўка → Лірыка Уладзіміра Дубоўкі
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Як сінячок да сонца лётаў