Паляжам мы, і вецер нашы косці
паточыць, пылам над лясамі разнясе.
А ўсё ж ткі мы шукаем прыгажосці,
штодзённа кленчым мы сваёй красе.
Яны ў гаях, крыніцах гаманлівых,
у шуме-гомане лясных азёр,
у моры збожжа на палетках-нівах;
красой уквечаны увесь прастор...
Іграй, іграй, мой дружа цымбалісты,
каб дні вясны маёй са струн зляталі.
Ішлі яны пад вэлюмам імглістым
і гінулі ў жыцці, як хвалі ў хвалях.
Не шкадаваў, не скардзіўся нікому,
хоць часам дух звіваўся ў немы лямант,
а свет увесь, нязнаны і знаёмы,
мне выдаваўся нейкай чорнай плямай.
Іграй, іграй, каб струны галасілі
і захліпаліся, як я сягоння.
Загіну з гукамі ў тумане сінім,
а не схілю ні галаву, ні скроні.
Аддам усё за гукі шчырай песні,
якая прыйдзе ў барваванні новым.
Ад Віленскіх азёр да сумнага Палесся
яе сустрэнем задушэўным словам.
1925
Похожие статьи:
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Як сінячок да сонца лётаў
Биографии → Уладзімір Дубоўка
Уладзімір Дубоўка → Лірыка Уладзіміра Дубоўкі
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - I гінулі яны за косы Клеапатры...
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Часіна ды з сокам рабіны...