Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Дубоўка - Зважай на летапісы даўніх дзей...

З Алішэра Наваі


...Зважай на летапісы даўніх дзей,
зважай на гутаркі старых людзей.

Магчыма, ў іх ты адшукаеш скарб,
што папярэдні прапусціў пагляд.

Ты перадай народу гэты скарб,
каб быў яго замілавання варт.

Ці трэба створанае спрадвякоў
у тым жа выглядзе даваць ізноў?

Пасля чужых табе свайго каня
якая асалода ўслед ганяць?

Калі спустошаны сад да цябе,
якія кветкі знойдзеш ты цяпер?

У кветніку лужок хіба адзін?
Ты не жабрак у кветніку, мой сын!

У гэтай думцы – мудрасць, глыбіня.
Я ў сэрца думку мудрую прыняў.

Пачаў я здабываць з усіх бакоў
паданні даўнія старых часоў.

I ўзнагароджаны быў я зусім:
знайшоў жаданае ў шуканні тым.

Знайшоў багата ў ім жамчужын-слоў,
напоўніў чару думкі да краёў.

Я гэты жэмчуг свету перадам,
усім паселішчам і гарадам.

Былі тут папярэднікі раней,
але хапіла жэмчугу і мне.

Бяздонна мора слоў!

Ніхто у нас

не можа вычарпаць яго запас.

I нават я, лавец зусім слабы,
нырнуўшы ў мора пасля ўсіх нібы,–

каштоўны скарб такі сабраць спрамог,
што гонар за яго мне ў сэрца лёг...

 

Похожие статьи:

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Паляжам мы

БиографииУладзімір Дубоўка

Уладзімір ДубоўкаЛірыка Уладзіміра Дубоўкі

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Як сінячок да сонца лётаў

Уладзімір ДубоўкаУладзімір Дубоўка - Часіна ды з сокам рабіны...