Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Уладзімір Дубоўка - Ганарысты конь
1
Ваяка меў цудоўнага каня.
На тым кані ён вецер абганяў.
Сядло ўсё пазалочана на ім,
вуздэчка ўся ў зіхценні залатым.
Імкнецца ў далі той цудоўны конь,
з-пад капытоў аж пырскае агонь.
Віецца пыл за ім і па-над ім.
Конь ганарыцца вершнікам сваім.
Насустрач ледзьве цягнецца ішак.
Няма на ім ні залатых адзнак,
няма на ім багатага сядла,
адна падпінка з лямкай абвіла.
Худы, ў дадатак стомлены такі,
як і усе наогул ішакі,
ён на сабе вялікі цягне пак,
маленькі той, цярплівы той ішак.
Пагрозна конь вачыма заблішчэў:
– Дарогу мне загарадзіў яшчэ!
Ану, набок, а не – пазнаеш ты,
якія моцныя я маю капыты!
Намуляў плечы пакамі ішак,
з дарогі не паверне ён ніяк.
Ды што рабіць? Здратуе гэты конь,
бо ён жа крэсіць, бегучы, агонь.
I пацягнуўся ён з дарогі ўбок,
як толькі мог, і пак свой павалок,
худы ішак, натруджаны такі,
як і наогул пад цяжарам ішакі.
А конь прамчаўся у шырокі свет,
а пыл, узняты ім, закрыў і след...
2
У бойцы ранілі таго каня.
Не крэсіць капытамі ён агня.
Ад ветру ззаду застаецца ён,
за ветрам больш не бегае ўздагон.
Хоць гаспадар і уздыхнуў па ім,
ды зняў сядло з уборам залатым.
З насечкай залатой вуздэчку зняў,
аброць уздзеў ён на таго каня.
Пасля узяў яго за павадок
і на кірмаш павёў у гарадок.
Купіў яго там неякі фурман,
сядла ў яго, у фурмана, няма.
Цяжары возіць ён на тым кані.
Цяжкія для каня насталі дні.
3
I дзень за днём, і дня не праміне, –
вялікія два пакі на спіне
конь возіць. Адвязе – кладуць ізноў.
Так і калышуцца яны з бакоў...
Аднойчы так ён з пакамі ідзе,
ды адпачынку не відаць нідзе.
Насустрач і натрапіўся ішак,
які калісьці вёз таксама пак.
Ішак даўнейшага каня пазнаў
і гутарку такую распачаў:
– А, конь-сагіб! Салам алейкум вам
Чаму твая панікла галава?
Нядаўна ты інакшы быў, – як леў.
Яшчэ мяне ты здратаваць хацеў.
Я і падумаў – п’яны ты. Дарма!
На свеце хмелю вечнага няма,
ад гордасці працверазішся ты!
А дзе ж, скажы, убор твой залаты?
4
Пашкадаваў каня усё ж ішак.
– Давай мне, – кажа, – твой вялікі пак.
Іду я ўлегцы. Памагу табе.
Я думаю, ён карак не саб’е...
Пайшлі яны да месца удваіх.
Адзін маўчыць, ды і другі заціх...
Похожие статьи:
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Конь
Кандрат Крапіва → Кандрат Крапіва - Саманадзейны конь
Максім Танк → Максім Танк - Конь і Леў