Вядзі мяне, як і вяло ты, сэрца,
на ясны шлях з табой мы узышлі.
Няхай краса любімае зямлі
у задушэўнай песні адгукнецца.
Я з кожным днём раблюся больш цвярозым,
хоць з большай смагай чару п’ю жыцця.
Мінаюць дні і крыллем шалясцяць,
кладуць адбіткі на дасціпны розум.
Пульсуе кроў мая спрадвечнаю крыніцай...
То не мая, то пакаленняў кроў!
Яны жылі і будуць жыць ізноў,
крылаты час над імі будзе віцца...
Схіляюся і слухаю пакорна,
маўклівасць слухаю і гэты шум.
Цяжар вялікі я ў сабе нашу,
а ён жа меншы быў, цяжар, учора...
У ім ляжаць здабыткі нашых продкаў,
ляжаць лятункі-мроі ўсе мае,
ляжыць усё, што нам жыццё дае
за век вялікі і такі кароткі...
Урэшце прыйдзе вокамгненне хіжа,
затуліць вочы, вушы мае, рот,
а вечнасці няўмольнае пяро
апошні верш мой на зямлі напіша...
I прыйдуць новыя на свет наш пакаленні,
якія будуць жыць у харастве Камун.
Жыццё аддам я хараству таму,
найдаражэйшаму дам летуценню.
Бо там, за горамі гадоў, падзеі,
якія ўзмоцніць праца нашых рук.
За іх – усе цяжары падыму,
за іх і супраць розных ліхадзеяў.
Наколькі хопіць сілы ў мяне, змогі,
наколькі хопіць дзён жыцця майго, –
мы пойдзем хваляй, палкай, як агонь,
ад перамогі і да перамогі.
А ты вядзі мяне, маё ты сэрца,
на ясны шлях з табой мы узышлі.
Няхай краса любімае зямлі
у задушэўнай песні адгукнецца.
1927
Крыніца: Дубоўка У. Выбраныя творы: у 2 т. Т. 1. Вершы. – Мінск: Беларусь, 1965. – 540 с.
Похожие статьи:
Уладзімір Дубоўка → Лірыка Уладзіміра Дубоўкі
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Як сінячок да сонца лётаў
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Часіна ды з сокам рабіны...
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Паляжам мы
Биографии → Уладзімір Дубоўка