Ведаю, што і я памру, як і ўсе,
што па смерці нічога не будзе трэба.
Тым мацней люблю ўвесь шырокі свет
і гэта – пярэстае збольшага – неба.
Перачуць усю боль і ўсю слодыч жыцця,
акунуцца ў прадонне жыцця з галавою.
Пераслухаць, як хвалі ў вятрах шалясцяць, –
гэта шчасце! Хай скажуць – малое...
Перайначыць, спыніць можа сілы няма,
а плысці супроць плыні магчыма.
На шляху калі хто і залом заламаў, –
падарожжа не зменіць, не спыніць.
Церушыцеся шаты лісцём залатым,
вы красою праменілі гордай.
Чаравалі мяне (мо затым, не затым?)
ціхіх шэптаў акорды, акорды...
1926
Крыніца: Дубоўка У. Выбраныя творы: у 2 т. Т. 1. Вершы. – Мінск: Беларусь, 1965. – 540 с.
Похожие статьи:
Алесь Гарун → Алесь Гарун - На смерць
Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч - Ладдзя Роспачы
Васіль Быкаў → Васіль Быкаў - Мёртвым не баліць
Пераказы → Лось (Паводле І. Пташнікава)
Адам Міцкевіч → Адам Міцкевіч - Смерць палкоўніка