Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Дубоўка - Айога

Нанайская казка


Каля сіняга мора, ў далёкай тайзе,
дзе Амур свае воды да мора нясе, —

асяліўся нанайскі народ-паляўнік.
Да тайгі і да мора з маленства ён звык.

У вялікай і дружнай савецкай сям’і
ўсім хапае прастору, хапае зямлі.

Не пакрыўджаны ў нас і нанайскі народ,
ён пазбыўся даўно векавечных нягод.

У нанайцаў няма ні палёў, ні садоў,
ловяць рыбу яны, б’юць таёжных звяроў.

На рацэ і на моры, на ўзгор’ях крутых
узрастае і ходзіць здабытак для іх.

У таёжных распадках, ля горных крыніц
б’юць і ловяць яны сабалёў і лісіц.

Не мінаюць аленяў яны і ласёў.
Для жыцця у тайзе і знаходзяць усё.

Многа песень яны наспявалі ў жыцці.
Можна радасць і гора у песнях знайсці.

Многа казак злажылі яны праз вякі
у хацінках сваіх на ўзбярэжжы ракі.

Пра старых, пра малых, пра таёжных звяроў,
і пра птушак лясных, і пра звон ручаёў...

Пра дзяўчынку, Айогу, гаворыць адна,
як зрабілася гускай за неслух яна...
 

1

Жыў калісьці нанаец, па прозвішчу — Ла.
У яго і дачушка — Айога — была.

Прыгажэй за яе не пабачыш нідзе.
Як пачула пра тое яна ад людзей, —

стала так ганарыцца, што рады няма.
Пачалі ад яе ўсе люстэркі прымаць,

бо яна і сядзіць каля іх цэлы дзень,
да работы якой нават блізка не йдзе.

Пахавалі люстэркі — ёй мала бяды:
да крыніцы ідзе, да люстранай вады

і сядзіць цэлы дзень над крынічнай вадой,
надзівіцца не можа сваёй пекнатой...

Анічога у хаце не робіць зусім,
толькі цешыцца ўсё адлюстроўкам сваім.
 

2

Просіць маці аднойчы:

— Айога, схадзі

прынясі мне вадзіцы разочак адзін!

— Я ў ваду увалюся, бо бераг круты!
— Ты    трымайся, дачушка, рукой за кусты!

— Можа куст адарвацца, а як жа тады?
— Ты    за моцны трымайся, дастанеш вады!

— Ён    мне рукі паколе...

— А ты на руку

рукавічку надзень, што вісіць на шастку.

— Рукавічка парвецца, — гаворыць дачка, —
бо калючак багата на гэтых сучках..,

— Ты зашыеш тады рукавічку сваю,
я табе вось на гэта і голку даю...

— Паламаецца голка, набуду бяды:
ані голкі не будзе, ні ў хаце вады...

Бацька кажа:

— Вялікую голку вазьмі! —

Ды не можа Айога згадзіцца і з ім:

— А вялікая палец праколе якраз!
— А напарсткі навошта бываюць у нас?

— А калі ператрэцца напарстак?

Тады

ні напарстка не будзе, ні ў хаце вады...

Ды калі ж, сапраўды, ёй вадзіцу насіць?
На сваю пекнату ўсё ў мядніцу глядзіць...
 

3

Падбягае дзяўчынка з суседняй сям’і.
Кажа:

— Дайце вядро, а я збегаю з ім...


Нанасіла яна, колькі трэба, вады,
не спаткаўшы пры гэтым ніякай бяды.

Маці цеста тады учыніла з вадой,
праснакоў нарабіла з чаромхай лясной.

I на вогнішчы ўсе запякла праснакі.
Пах салодкі дайшоў да гультайкі-дачкі.

Просіць матку Айога падаць ёй праснак,
бо сама зварухнуцца не можа ніяк.
 

4

Маці словам наўчае гультайку дачку:
— Ён гарачы, Айога, ты спаліш руку!

— Я магу рукавічкі, матуля, надзець!
— Рукавічкі намоклі ў крынічнай вадзе!

— Пасушу іх, матуля, на сонейку я!
— Скарабаціць іх сонца, дачушка мая!

— Я іх мялкай, матуля, тады разамну.
Будуць зноў рукавічкі — адна у адну.

— Забаляць твае рукі ад працы такой.
Лепш сядзі і мілуйся сваёй пекнатой.

Я праснак-перапечку дзяўчынцы аддам,
што вады для сябе нанасіла і нам.

Не шкадуючы рук працавала яна,
дык няхай і падзяка ёй будзе ад нас.

I суседскай дзяўчынцы, найлепшы на смак,
аддала у аддзяку вялікі праснак.
 

5

Узлавалася вельмі Айога тады,
адышла ад матулі да самай вады.

Адлюстровак свой бачыць на ціхай вадзе,
ён прыгожы такі, як ніякі, нідзе...

Ля ракі і суседка сядзіць на траве,
свой гасцінец-праснак памаленечку жве.

Пачала азірацца Айога назад,
на суседку кідае нядобры пагляд.

Стала шыя цягнуцца яе ў даўжыню,
стала шыя ўзнімацца яе ў вышыню.

А дзяўчынка — суседка — і кажа тады:
— Ты вазьмі мой гасцінец, мне хопіць яды

Пабялела ад злосці Айога.

«Як так?!

Каб яна узяла той ламаны праснак?»

Замахала рукамі ад сілы усёй
і зрабіліся рукі — як крылле на ёй.

Закрычала:

— Няхай тваё будзе табе!

Мне не трэба

нічога-га-га

ад цябе.


Паслізнулася з берагу і паплыла,
быццам век яна гускаю белай была.

Толькі чуем, крычыць ля ракі, ў берагах:
— Я красуня-га-га...
Я красуня-га-га...

Па-нанайску забылася ўсё гаварыць,
толькі ведае імя да гэтай пары.

I калі дзе заўважыць паблізу людзей,
пачынае крычаць над вадой, на вадзе:

— Я — Айога-га-га...
Я — Айога-га-га...

 

Похожие статьи:

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Вавёрчына гора

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Казкі і краскі

Максім ТанкМаксім Танк - Казка пра Музыку

Васіль ВіткаВасіль Вітка - ППШ

ККазка