Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Арлоў - Смелы падбел

   Ці ведаеце вы, дзеці, такую расліну – падбел?
   Так-так, гэта ён цвіце вясною залаціста-жоўтымі кветачкамі на лускаватых ножках.
   А ведаеце, чаму падбел зацвітае рана, калі не паспеў яшчэ растаць снег? Не ведаеце? Дык слухайце.
   У той год стаяла вельмі доўгая зіма, сонейка разленавалася і замест таго, каб прыграваць зямлю, песцілася ў пухнатых аблоках.
   Чакалі вясну і кветкі. Яны дрыжалі пад снегам ад холаду, прыгадвалі ласкавыя промні сонца і дзяўчынку, якая любіла гуляць на лузе.
   – Хутчэй бы вясна, – марыў Рамонак. – Я вырасту і буду ўсміхацца нашай дзяўчынцы.
   – А я вызвоньваць буду для яе розныя мелодыі, – летуценіў Званочак.
   Толькі Падбел не сказаў ні слова.
   – Чаму ты маўчыш? – запытаў Рамонак. – Няўжо табе не хочацца, каб прыйшла вясна?
   – Я расту, – ціха адказаў Падбел.
   Кветкі здзівіліся.
   – Хіба можна расці ў такую халадэчу? Змерзнеш!
   Але смелы Падбел не замярзаў. Наадварот, ад яго ішла цеплыня і вакол пачаў раставаць снег, паказаліся зялёныя галоўкі травінак. А потым на лузе нібы заззяла маленькае сонейка. Гэта зацвіў Падбел.
   Дзяўчынка так радавалася першай кветцы, так скакала і пляскала ў ладкі, што сапраўднае сонейка здзівілася і выглянула з аблокаў. Убачыла смелую кветку, якая не спалохалася холаду, і яму стала сорамна за сваю ляноту. Сонейка выкацілася на неба і сагрэла зямлю. Пабеглі звонкагалосыя ручаіны. Прыйшла вясна.
   А за вясною, як звычайна, наступіла лета.
   На лузе зелянела густая трава. Над рознакаляровым дываном кветак пырхалі матылькі. За імі весела ганялася з сачком дзяўчынка. Рамонак усміхаўся ёй, Званочак ціхенька вызвоньваў пяшчотныя мелодыі.
   Кветкі з пагардай паглядалі на Падбела. Ён даўным-даўно адцвіў, і цяпер у яго вырасла вялікае лапушыстае лісце.
   – Бедны! У яго няма кветачак, і ён такі стаў непрыгожы, – пашкадавала дзяўчынка. – Як яму не пашанцавала!
   Рамонак пачуў гэтыя словы, засмяяўся і прыўзняўся на дыбачкі, каб яшчэ лепей было відаць, які ён прыгожы.
   Але Падбел не пакрыўдзіўся на дзяўчынку. Падбел памятаў, як радавалася яна вясной, калі ён зацвіў.
   І яшчэ Падбел ведаў, што добрыя справы трэба рабіць, не думаючы пра падзяку.
   З таго часу кожны год, не чакаючы, пакуль сыдзе снег, распускаюцца круглыя жоўтыя кветачкі – маленькія сонейкі. Гэта прыспешвае вясну смелы Падбел.

 

Похожие статьи:

Васіль ЗуёнакВасіль Зуёнак - Гарлачык

Пераказы, дыктантыПадбел

Міхась ЗарэцкіМіхась Зарэцкі - Кветка пажоўклая

Пераказы, дыктантыЗязюльчыны слёзы (Паводле А. Гурскага)

Янка ЖурбаЯнка Журба - Дзяўчынка і кветкі