Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Уладзімір Арлоў - Дзень, калі ўпала страла
Чытаць аповесць Уладзіміра Арлова "Дзень, калі ўпала страла"
У аснове аповесці «Дзень, калі ўпала страла» ляжаць драматычныя падзеі часоў Полацкай зямлі, калі яна падпала пад сацыяльна-палітычнае і эканамічнае заняволенне нямецкіх тэўтонаў. Барацьбу супраць крыжацкага наступу і ўціску ўзначаліў князь Уладзімір, якога сярэднявечная «Хроніка Лівоніі» называе Вальдэмарам. Асоба Уладзіміра — патрыёта і палітыка — знаходзіць у творы яркае мастацка-псіхалагічнае ўвасабленне. Пісьменнік не імкнецца да манументальнага жывапісу, ён стварае жывы, шматпланавы вобраз народнага правадыра. Думкі і памкненні князя прасякнуты пачуццём самаахвярнасці, ім кіруе маральная праўда і патрыятычная мэта — вызваліць родную Полаччыну і крывіцкую зямлю ад агрэсіі чужынцаў: «...За ім, князем Уладзімірам, зямля яго прадзедаў. За ім — купцы і рукамесны люд, за ім — цёмныя смерды з вотчын і глухіх весяў. За ім — пастаўленая вялікім князем Усяславам Сафія і кніжная мудрасць, сабраная ў манастырах і цэрквах. Калі б чужынцы прыйшлі ў полацкія храмы, калі б яны пачалі паліць кнігі і на свой капыл выпраўляць летапісы, продкі ўсталі б са сваіх магіл, і ўзбунтавалася сама зямля. Праўда за ім, а не за крыжакамі».
Гэтыя ўнутраныя развагі нараджаюць у душы Уладзіміра веру ў немінучую перамогу. Князь «не дае спачыну ні сабе, ні дружыннікам», рыхтуецца да сечы з ворагам насмерць. Уладзімір перажывае раз'яднанасць свайго гаспадарства з Ноўгарадам і Псковам, сваімі паўночнымі суседзямі, якія, шукаючы ўласнай карысці і выгоды, прымірыліся з палітыкай крыжакоў, адмаўляюць палачанам у падтрымцы. Адзінае спадзяванне ў полацкага князя на ўласныя сілы і свой народ. Ён, прынамсі, таксама ідзе на часовае пагадненне з немцамі, але на самай справе не скарыўся, робіць прадуманы тактычны ход — выйграе час, каб згуртаваць сілы, вычакаць спрыяльны момант для паходу на ворага. Уладзімір добра разумее, што ў змаганні «адной сілы мала», «калі маеш справу з Рыгаю, хітрасць — не загана». Зычлівасць князя-палачаніна да крыжакоў паказная, у сваёй падрыхтоўцы да «ратнай удачы» ён разважлівы, асцярожны і тонкі палітык.
Вораг вымушаны паважаць Уладзіміра як саперніка, адчувае на сабе яго прыхаваную нянавісць і свабодалюбівую непахіснасць. Полацкі князь з'яўляецца для тэўтонаў вялікай небяспекай, пра што кажа крыжак Тэадорых, якому даручана атруціць князя: «Ён не толькі неблагі воін. Ён стаў неблагім палітыкам. Сёння на рынку і на вуліцах я чуў, як пра яго гаварылі з бояззю і павагай».
Гістарычны партрэт Уладзіміра празаік намаляваў з захапленнем, паказаў «любамудрага князя» як адданага патрыёта роднай зямлі, натуру велічную і гераічную.
Вельмі сімвалічным уяўляецца ў аповесці апісанне «невідочнай стралы», пра якую думае князь Уладзімір. Палёт стралы — сімвал повязі чалавечай асобы з гісторыяй, часам і памяццю: «...Ляціць цераз дні і гады, пазначаючы кожнаму ягоны шлях. Ляціць, пакуль не ўпадзе долу. Тады застанецца толькі памяць аб чалавеку. Аб адным — на год, аб другім — на векі вечныя».
Похожие статьи:
Уладзімір Арлоў → Уладзімір Арлоў - Пішу вам у Масковію
Уладзімір Арлоў → Уладзімір Арлоў - Сны імператара
Уладзімір Арлоў → Уладзімір Арлоў - Час чумы