Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сяргей Кавалёў - Пясочны замак

Увага!!! Поўны змест

   Дзіўная істота сядзела на беразе мора і спявала вясёлую песеньку: маленькі працавіты Пясчанік, які толькі што скончыў будаваць свой чарговы замак.
   Мініяцюрны замак зіхцеў на сонцы маціцай ракавак, грацыёзныя муры і спічастыя дахі лёгка і бязважка ўзносіліся да высокага неба, якое ад гэтага рабілася блізкім і зразумелым.
   З пракаветных часоў будавалі продкі Пясчаніка замкі з жоўтага блішчастага пяску, пакідалі іх невядомым жыхарам, а самі крочылі далей берагам мора, на ўсход; будавалі ўсё новыя і новыя замкі, пакуль аднойчы самі не знікалі ў невядомасць, як знікаюць беззваротна і назаўсёдна сляды ў прагных пацалунках марскіх хваляў.
   Чакаў той немудрагелісты шлях і Пясчаніка, а пакуль што ён муркатаў песеньку за песенькай і ўлюбёна пазіраў на сваю толькі што скончаную працу.
   Сонца ўсё вышэй узнімалася над люстраной вадой, і паступова халодны вільготны ранак змяняўся сухім, спякотным днём.
   Пясчанік усё сядзеў ля замка і нікуды не хацеў ісці, аж пакуль не зразумеў канчаткова сваё ўпартае жаданне парушыць недатыкальны закон продкаў і дачакацца тых невядомых, ніколі не бачаных жыхароў, дзеля якіх ён жыў і будаваў.
   «Мае бацькі заўсёды працавалі ноччу, а раніцай таропка ішлі далей на ўсход, каб вечарам на новым месцы распачаць новы замак. Нам забараняецца бачыць жыхароў. Але ж гэта несправядліва і незразумела: ствараць прыгажосць і карысць для кагосьці невядомага, не маючы ніякай магчымасці даведацца, як яны гэта ўспрымаюць і разумеюць. А раптам жыхарам нешта не падабаецца, можа, зусім нейкая дробязь, пра якую яны проста не могуць нас папярэдзіць? Чаго і каго мы баімся, куды і адкуль бяжым, не ведаючы спачыну? Можа, палохаемся ганьбы і кпінаў за сваю працу? Але нельга не заўважыць хараства там, дзе яно ёсць. Калі ж яго няма, дык навошта далей жыць, узводзіць пачварныя гмахі і нясклепістыя будынкі? Няхай я парушу галоўны закон продкаў, але я даведаюся праўду і супакою свае згрызоты і сумненні», – вырашыў маленькі Пясчанік і адчуў доўгачаканую палёгку, што ўрэшце адважыўся здзейсніць сваё даўняе нясмелае жаданне.
   Ён сядзеў доўга, ажно пакуль сонца не перасунулася ў зеніт. Тады ў прыбярэжным зарасніку пачуліся шоргат і трэск, нечыя галасы і злы смех. З травы выскачыў Пацук, з кустоў вылезла Малпа, з-за дрэў выйшаў Конь.
   З агідным віскатам Пацук кінуўся ў Замак і знік пад яго бясконцымі скляпеннямі. Малпа з важным выглядам абышла вакол замка, кратаючы рукамі муры і брамы. Конь лёг на цёплы пясок і абыякава ўтаропіўся ў супрацьлеглы ад замка бок.
   Пясчанік не зварухнуўся, і звяры не заўважылі яго. А магчыма – ім было ўсё роўна.
   Праз нейкую хвіліну зноў з’явіўся Пацук і нешта злосна шапнуў Малпе. Малпа задаволена ўсміхнулася і, паказытаўшы Пацука за вухам, гукнула Каня. Конь узняўся, ляніва пазяхнуў і пачаў руйнаваць замак.
   – Што вы робіце?! – закрычаў Пясчанік, здзіўлены і абураны.
   Конь спыніўся, абярнуўся да маленькага Пясчаніка і запытальна зірнуў на Малпу, за якую схаваўся Пацук.
   – Ты – хто? – важна спыталася Малпа.
   – Я – Пясчанік, я пабудаваў гэты замак і не разумею, навошта вы яго разбураеце!
   – А навошта ты яго пабудаваў? Хіба не для таго, каб яго разбуралі?
   – Вядома, не. Я пабудаваў замак для таго, каб у ім жылі.
   – Ды ты – увогуле дзівак. Хто гэта будзе жыць у пясочным замку? Ніхто.
   – Ён – дзівак, – віскнуў з-за Малпы Пацук, а Конь неахвотна і вяла заржаў.
   – Як – ніхто? – зусім разгубіўся Пясчанік. – Мае продкі з пракаветных часоў узводзілі пясочныя замкі, і заўсёды для іх знаходзіліся жыхары.
   – Якія жыхары? – пацікавілася Малпа.
   – Не ведаю. Продкі ніколі не чакалі іх прыходу, яны адразу ж ішлі на ўсход, будаваць новыя замкі. Таму жыхароў ніхто ніколі не бачыў, і ніхто ніколі не распавядаў, якія яны.
   – Вось бачыш, – узрадавалася Малпа, – Значыць, ніякіх жыхароў ніколі і не было, калі іх ніхто не бачыў. Таму твае продкі і не чакалі іхняга прыходу, бо нельга дачакацца таго, што не існуе.
   – Ніколі не было? – пачаў разумець увесь жах зведанай ім нарэшце таямніцы Пясчанік. – Але навошта ж тады будаваць замкі? Навошта было жыць маім продкам, навошта жыць мне?
   – Ну, можа, былі калісьці раней, зусім даўно, а потым перавяліся, зніклі, – суцяшальна ўдакладніла Малпа і добразычліва працягвала: – Мы таксама калісьці штосьці для некага будавалі. А потым зразумелі ўсю марнасць і непатрэбнасць гэтай працы і вырашылі заняцца больш вартай і разумнай справай – знішчаць зробленае іншымі. Зараз мы ідзём па ўзбярэжжы мора на ўсход і руйнуем пабудаванае табой і астатнімі дзівакамі. Павер мне, гэта куды прыемней, спакайней і карысней. І нікому ніякай шкоды – пясочныя замкі, напрыклад, калі своечасова не паспееш іх разбурыць, развальваюцца самі, як толькі ўспачнецца залева альбо насунецца шторм. Выцеры слёзы, і пойдзем з намі.
   – Мне цяпер усё роўна, – сказаў Пясчанік і ў апошні раз паглядзеў на замак, разбураны і змярцвелы.
   Маціцавыя ракаўкі не блішчэлі на сонцы, і гонкія спічастыя дахі не ўзносіліся над жоўтымі мурамі.
   Неба згусла і сінела недзе далёка-далёка; Пясчанік, Малпа, Пацук і Конь пабрылі на ўсход.

 

* * *

   Яны сунуліся ўсё далей, і рабілася іх усё больш. Недзе побач з Пясчанікам муркатала дзікая Котка, ззаду рохкала Свіння, наперадзе, высалапіўшы язык, бег Сабака. Яшчэ шмат невядомых і проста безыменных стварэнняў гнятліва цягнулася ў тым жа кірунку і з той жа мэтай, а неба засцілася доўгай чарадой рознаплямённых птушак, пакінуўшых свае гнёзды, каб разбураць гнёзды чужыя.
   – Навошта ты будуеш, хіба не для таго, каб потым хтосьці руйнаваў? – пытаў ужо сам Пясчанік у чарговага дзівака і крочыў далей без радасці і жадання.
   – Хто гэта будзе жыць у паветраным замку?! – пераконваў усіх Пясчанік і праводзіў дні за днямі, не шкадуючы, што іх застаецца ўсё меней.
   – Ніякіх жыхароў ніколі і не было, калі іх ніхто не бачыў, – тлумачыў Пясчанік, а ў вачах яго хаваліся смутак і туга.
   – Я таксама калісьці штосьці для некага будаваў, а потым зразумеў усю марнасць і непатрэбнасць гэтай працы і вырашыў заняцца больш вартай і разумнай справай, – ахвотна спавядаўся Пясчанік, а ноччу захлынаўся слязьмі, праклінаў той дзень, калі яму захацелася ўведаць праўду, і зайздросціў тым, хто ідзе спрадвечным шляхам продкаў, ні пра што не задумваецца і не здагадваецца.
   Але аднойчы яны сустрэлі істоту, якая будавала палацы з вапны і насуперак усякаму розуму, нават калі зведала таямніцу сваёй бяссэнсавасці і нікому-непатрэбнасці, адмовілася разбураць зробленыя ёю палацы і ўвогуле хоць штосьці нішчыць у гэтым сусвеце. Тады звяры раз’юшыліся і па загаду Малпы самі зруйнавалі вапнавыя палацы, не зважаючы на слёзы і на літанні няшчаснай ахвяры. І пайшлі прэч, пакінуўшы руіны ў вапне і разбурэнне ў душы.
   Пясчанік непрыкметна затрымаўся і, азірнуўшыся, падышоў да заплаканай істоты.
   – Як цябе завуць? – толькі і паспеў спытаць ён, бо яго адразу паклікалі.
   – Вапнінка, – толькі і паспела адказаць яна, бо праз імгненне ён знік.
   «Вапнінка», – здолеў ён усё ж пачуць і ўсю ноч думаў толькі пра яе, а таму – пра сябе ранейшага.
   Праз некалькі дзён Малпа адправіла некуды Пацука, Свінню і Ваўка, і калі яны вярнуліся, Пясчанік падслухаў, што Вапнінка зноў пабудавала палац, а звяры зноў яго зруйнавалі.
   – Мы не можам затрымлівацца столькі часу амаль на тым жа месцы з-за адной вар’яткі! – раззлавалася Малпа, адразу страціўшы свой важны і аўтарытэтны выгляд. – Заўтра пойдзеце туды зноў, і калі ўбачыце новы палац, знішчыце разам з палацам і яго стваральніцу. Яна паказвае ўсім вельмі дрэнны прыклад і перашкаджае працаваць.
   Пясчанік дачакаўся ночы і, калі шчыльная цемра ахутала зямлю, неўпрыкметку выбраўся са зграі.
   «Прэч адсюль, прэч! – узрушана шаптаў ён, прабіраючыся на захад, да Вапнінкі і яе палацаў. – У пяску, пад палацам, я выкапаю такі глыбокі падземны ход, што нават Пацук не пралезе туды ўслед за намі. А пралезе – зраблю для яго пастку. Калі яны прыйдуць, мы схаваемся і перачакаем; яны ж не могуць доўга затрымлівацца на адным месцы – ім трэба ісці, ім трэба спяшацца, а нам пакуль ісці і спяшацца няма куды. Яны пасунуцца далей, а мы будзем узводзіць вапнавыя палацы і пясочныя замкі з магутнымі, надзейнымі мурамі і гонкімі блішчастымі дахамі з маціцавых ракавак. Мы будзем будаваць і спадзявацца, ствараць і верыць. А жыхары з’явяцца, яны абавязкова з’явяцца, трэба толькі іх доўга і настойліва чакаць».
   Пясчанік ішоў скрозь вабкую, густую цемру, толькі злёгку падсвечаную люстрастай паверхняй мора, думаў пра будучае шчасце і спяваў бадзёрую песеньку.
   Насустрач яму насоўвалася здалёк імгліста-белая пляма толькі што пабудаванага вапнавага палаца.

 

Похожие статьи:

Сяргей КавалёўСяргей Кавалёў - Драўляны Рыцар

Сяргей КавалёўСяргей Кавалёў - Трышчан ды Іжота

Сяргей КавалёўСяргей Кавалёў - Звар'яцелы Альберт, або Прароцтва шляхціца Завальні

Сяргей КавалёўСяргей Кавалёў - Хохлік

Сяргей КавалёўСяргей Кавалёў - Стомлены д’ябал