Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Сяргей Кавалёў - Драўляны Рыцар
Чытаць п'есу "Драўляны Рыцар" Сяргея кавалёва (поўны змест)
У п’есе Сяргея Кавалёва «Драўляны Рыцар» малюецца ідэалізаваны вобраз – узор прадстаўніка рыцарскай культуры. Носьбіт найлепшых якасцей – звычайная драўляная цацка, якая характарызуецца недасягальнай для большасці людзей ступенню чалавечнасці.
Адначасова ў канву твора ўключаюцца міфы пра фей, міфалагічныя істоты Зморы, Скныра, Здані, Цмока, Дамавічка.
З аднаго боку дзеянне адбываецца ў рэальным свеце, у «старым драўляным доме на ўскрайку лесу», дзе «недарэчны замок на дзвярах вартуе цішу, пустэчу і змрок», дзе «некалі жылі людзі, гарэў агонь у печы, спяваліся песні». З другога – казачны свет, Каралеўства Сноў, дзе ёсць месца фантастычным персанажам і незвычайным учынкам. Такім чынам ствараецца асобы каларыт блізкасці дзеяння твора да рэальнасці.
Полюс святла – гэта маленькі Драўляны Рыцар, які здольны на вялікі ўчынак. Ён падобны на герояў фальклорных чарадзейных казак, якія выконваюць сакральны рытуал ініцыяцыі, і адначасова гэты персанаж уяўляецца шукальнікам унутранай гармоніі, таму ад самага пачатку з’яўляецца адзінокім. Драўляны Рыцар блізкі да рамантычных герояў, якім уласціва трагічнае падваенне ўнутранага свету, ён дзейнічае ў адпаведнасці з ідэальнымі рыцарскімі законамі ахвярнасці, чым здзіўляе ўсіх. Драўляны Рыцар не можа здрадзіць сваім ідэалам і тады, калі даведваецца, што ён будзе нікому не патрэбны праз пяць гадоў, і тады, калі будзе ведаць, што загіне.
У гісторыі рыцар ніколі не быў цалкам вольным чалавекам, бо заўсёды служыў свайму сеньёру. Драўляны Рыцар таксама служыць Хлопчыку і Дзяўчынцы і збіраецца ў будучым служыць іх дзецям. Пры гэтым ён не пазбаўлены здаровага авантурызму і гатовы прыйсці на дапамогу тым, каму зараз горш, хто просіць дапамогі.
Полюс цемры – Змора і Скныр, якім не падабаецца дабро. Яны значна большыя па памерах за Драўлянага Рыцара (выкарыстоўваюць чарадзейны пярсцёнак, каб выклікаць «вялізны, велічынёю з чалавека, бот»), часта смяюцца з маленькіх. Яны ўяўляюць сабой вялікую небяспеку, бо валодаюць чарадзейнымі пярсцёнкамі, не спыняюцца ні перад чым, каб захапіць скарбы з залатога сну.
У п’есе рэзкае размежаванне «добры» – «злосны», «свой» – «чужы» набывае асобы характар. Даволі падрабязна разгортваецца задума Скныра і Зморы, якія вызначаюцца хітрасцю і розумам, але розум іх скіраваны на здзяйсненне зла. Праз гэта Скныр лічыць, што ён непераможны. Як ужо адзначалася вышэй, Скныр і Змора не могуць зразумець ахвярнасць Драўлянага Рыцара, што стварае сітуацыю непаразумення, блізкую па сутнасці да абсурднай.
Галоўная задача станоўчага героя – не перамагчы адмоўных праз іх фізічнае знішчэнне, а дапамагчы ім пераканацца ў ілжывасці ідэалаў, якім яны служаць.
Спецыфічнай асаблівасцю фэнтэзійных твораў з’яўляецца наяўнасць прамежкавых герояў, якія могуць быць бліжэйшымі да полюсу святла ці полюсу цемры. Такія героі часцей бываюць пасіўнымі назіральнікамі або марыянеткамі ў межах ідэй дабра ці зла. Так, сама Фея Сноў пры тым, што ёй забаронена рабіць злыя ўчынкі праз чараўніцтва Скныра, ператварае Хлопчыка і Дамавічка ў кветкі.
Хлопчык жа і Дамавічок, а таксама Дзяўчынка – прамежкавыя героі, бо часцяком становяцца ахвярамі ўласных заганаў (ляноты, няўважлівасці да сябе і іншых). Дастаткова паказальнай з’яўляецца адна з фінальных сцэн, дзе толькі пасля нагадвання Феі дзеці і Дамавічок успомнілі пра Драўлянага Рыцара, які знік у чацвёртым “кашмарным” сне, каб выратаваць усіх.
Цікавасць выклікаюць і вобразы Кветкі-Сну, Караля-Баязліўца, Жаўнера, Здані і Цмока. Усе яны ў большай або меншай ступені падвяргаюцца маніпуляванню з боку Скныра і Зморы або Драўлянага Рыцара. Розніца толькі ў тым, ці можа той або іншы герой усвядоміць сваю памылку і стаць на шлях выпраўлення. можа той або іншы герой усвядоміць сваю памылку і стаць на шлях выпраўлення.
У дадзеным выпадку прамежкавыя героі з’яўляюцца своеасаблівым папярэджаннем, якім нельга быць, але якім можна стаць, калі развучышся бачыць боль іншага, калі будзеш бачыць толькі ўласныя праблемы.
Похожие статьи:
Сяргей Кавалёў → Сяргей Кавалёў - Хохлік
Сяргей Кавалёў → Сяргей Кавалёў. Стомлены д’ябал
Сяргей Кавалёў → Сяргей Кавалёў - Трышчан ды Іжота
Васіль Хомчанка → Васіль Хомчанка - Верны рыцар
Сяргей Кавалёў → Сяргей Кавалёў - Звар'яцелы Альберт, або Прароцтва шляхціца Завальні