Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Сяргей Грахоўскі - Паштары
Нідзе так не чакалі цётку Анюту, як у школе. Яна кожны дзень праходзіла пад вокнамі і ішла ў настаўніцкую.
Газеты пахлі свежаю фарбаю і ветрам. На перапынках Арыша з сяброўкамі разглядала вясёлыя малюнкі, разгадвала рэбусы. А дома доўга сядзела над свежым часопісам.
Але самымі шчаслівымі былі дні, калі цётка Анюта прыносіла пісьмы. Іх прысылаў Арышын брат, што служыў на Балтыйскім моры. Ён заўсёды ўкладваў у канверт здымкі ці прыгожыя каляровыя паштоўкі з відамі далёкіх гарадоў. Арыша прыносіла іх у клас і паказвала вучням.
Учора цётка Анюта чамусьці не прыйшла. Не прыйшла яна і сёння.
Засумавалі дзеці ў школе. Здавалася, нечага не хапае ў іх жыцці, нібыта і сцежка павузела да школьнага ганка.
Пасля ўрокаў Арыша, Маня і Паўлік забеглі на пошту. За сталом, заваленым пісьмамі і газетамі, сядзеў дзядзька Ахрэм і крычаў у тэлефонную трубку.
Дзядзька Ахрэм зірнуў на іх з-пад акуляраў і весела запытаў:
– Што добрае скажаце? Калі змерзлі, ідзіце да грубкі, грэйцеся.
– Не, нам цёпла… Гэта мы цётку Анюту шукаем. Другі дзень яе ў нас не было. Дык па школьныя газеты зайшлі, – асмялела Арыша.
– Занядужала ваша цётка Анюта. от і завалілі мяне пісьмамі і газетамі. Сам хацеў разнесці, дык тэлефона няма на каго кінуць, а ён звоніць і звоніць. Недзе тут ёсць і вашы газеты. Зараз паглядзім.
Ён пакапаўся ў вялікім стосе і падаў Арышы ладны пачак.
– Ты ж схавай у партфель, каб часам не згубіліся.
Дзядзька Ахрэм паглядзеў на Паўліка і запытаў:
– Ці не ў вас кватаруе заатэхнік Валя?
– У нас. А што?
– Тут ёй тэлеграма ёсць, дык можа б аддаў? А я астатнія ўвечары сам разнясу.
– Давайце, я мігам усім занясу, – узрадаваўся Паўлік.
– Добра было б, – дзядзька Ахрэм падаў хлопчыку тэлеграмы.
Маня з Арышаю пераглянуліся і загаварылі разам:
– Мы можам усе газеты разнесці. Нам жа якраз па дарозе.
Дзядзька Ахрэм засмяяўся:
– Калі так, прыйдзецца вас залічыць паштарамі.
Ён расклаў пісьмы і газеты ў тым парадку, як стаялі на вуліцы хаты, і аддаў кожнай дзяўчынцы па пачку.
Дзеці выскачылі на вуліцу.
– Ты, Манечка, пойдзеш з таго боку, я – з гэтага, а Паўлік панясе тэлеграмы. З імі ж нельга пазніцца. Пайшлі! – загадала Арыша.
З пачкамі газет і пісьмаў дзеці ішлі з канца ў канец вёскі і былі шчаслівыя, што іх радасна сустракалі ў кожнай хаце.
Яны прыходзілі на пошту штодня, пакуль не ачуняла цётка Анюта.
Похожие статьи:
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Чалавеку патрэбна не слава...
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Мама