Ліловым дымам сцелюцца па ўзгорках
I шапацяць таемна верасы,
Мільгаюць у арэшніку вавёркі,
На дол сцякаюць кропелькі расы,
Сівы туман курыцца над лугамі,
Дзяўбе далёкі дзяцел цішыню,
Буслы плывуць шырокімі кругамі
I плаўна набіраюць вышыню.
На хвоі дагарэў вішнёвы промень,
I небасхіл паволі дагарыць,
Рабіна ледзь трымаецца на строме
I золатам, і полымем гарыць.
Далёкі пах бярозавага дыму
I развітальны голас журавоў
Мяне заўсёды клічуць на радзіму,
I я
спяшаюся дамоў.
Похожие статьи:
Биографии → Сяргей Грахоўскі
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Чалавеку патрэбна не слава...
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Мама
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Прызнанне
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Стары млын