Двое дзяцей – двое вачэй,
Маці не знае спакойных начэй:
Вейкі зліпаюцца,
Раніца блізка,
Ціха плыве
У світанне калыска.
Маці не спіць. Маці не спіць.
Просяць засмяглыя вусны папіць
Тупае босая маці
З ранку да ранку па хаце.
Дзеці трызняць у адзёры –
Матчыны слёзы,
Матчына гора.
Свету не бачыць, нібыта сляпая,
Ценем самотным нячутна ступае
Маці з тугой і надзеяй,
Сэрца і кроў халадзее.
Дзеці пабеглі зялёнаю сцежкай,
І засвяціліся вочы усмешкай –
Першая радасць у маці,
Першае свята на свяце.
Выраслі дзеці,
Пайшлі у дарогу,
Зноў запяклася на сэрцы трывога:
Дзе мае дзеці?
Як мае дзеці?
Хоць бы не крыўдзілі людзі па свеце.
Дзе яны спалі?
Што яны елі?
Як дачакацца наступнай нядзелі?
Тупае маці з сянец у камору:
Хоць бы адведаць прыехаў каторы!
Хукае ў шыбу, глядзіць у завею –
Маці чакае,
Маці сівее.
Хрусне з марозу за хатай прысада,
Маці здаецца – гудзе кананада.
А паштальёнка пастукае ў раму,
Страшна адразу узяць тэлеграму:
Што ў ёй?
Няшчасце?
Бяда?
Ці трывога?..
...Сын прыязджае з далёкай дарогі!
З раніцы тупае маці –
Радасць і свята на свяце.
Двое дзяцей – двое вачэй.
Многа яшчэ неспакойных начэй
Будзе у маці.
Крыніца: Грахоўскі, С. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы [Аўт. прадм. В. Вітка]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – 382с.
Похожие статьи:
Пераказы → На скрыжаванні
Пераказы → Сустрэча з маці
Янка Золак → Янка Золак - Ода маці
Пераказы → І надыходзіць дзень
Пераказы → Да маці