Захацелі куркі
Пагуляць у жмуркі.
Раніцай за хатаю
Бегаюць стракатыя,
Чорныя і белыя,
Пудкія і смелыя.
Кажа Курка-рабка:
«Я ж усім вам бабка.
Не грабіце смецця,
Не лавіце мух.
Падыходзьце, дзеці,
І пастаньце ў круг.
Вунь яшчэ адна імчыцца.
Сталі ўсе?
Пачнём лічыцца:
Раз, два, тры, чатыры, пяць.
Каршуны не хочуць спаць,
Хочуць есці, хочуць піць,
Хочуць пеўніка ўхапіць,
Але курачка адна
Праглынула каршуна.
Раз, два, тры, чатыры, пяць.
А табе ісці шукаць».
Завязалі пеўню вочы
Шоўкавай травою,
Стала цёмна, як уночы,
Круціць галавою.
Ходзіць певень каля хаты
І ўздыхае горка:
Зніклі нават кураняты
Некуды з падворка.
Бегаў певень да змяркання,
І расла трывога,
Што не выканаў задання –
Не знайшоў нікога.
Слепнуць куры, як сцямнее,
Кожная гукае
І ніяк не зразумее,
Хто каго шукае.
Дзе куратнік – невядома,
Хто прыціснуў лапку...
І нарэшце ўсіх дадому
Пазбірала бабка.
Зноў яна старанна лічыць,
Бабка добрай ночы зычыць:
– Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Каршуны палеглі спаць.
Спіце, пеўнікі і куркі...
Заўтра ў што гуляць?
– У жмуркі!
Похожие статьи:
Биографии → Сяргей Грахоўскі
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Мама
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Прызнанне
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Чалавеку патрэбна не слава...
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Стары млын