Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Сяргей Грахоўскі - Гарывада
Палеская легенда
1
З той пары многа вёснаў і зім праляцела,
Болей гора, чым шчасця, было у жыцці,
Калі ў нетрах Палесся дзяўчына хацела
I святло, і цяпло, і збавенне знайсці.
За лясамі гібелі замшэлыя хаты,
Саламяныя строхі ў пясок ураслі,
Ад світання да поўначы гнуўся араты
На палітай слязьмі і крывёю раллі.
На касьбе і жніве гадаваліся дзеці,
Дождж іх мыў і балотны туман спавіваў.
Грэла сонца, люляў над калінаю вецер
I адну калыханку над імі спяваў.
Вечарамі на комінку тлела лучына,
Навальніца да рання над полем гула,
Праз акенца у цемру глядзела дзяўчына
І чакала збавення, цяпла і святла.
А навокал асеннія пушчы шумелі,
Выплывалі, як зданні, з дрыгвы туманы,
Пугачы рагаталі, ваўчыцы шалелі,
I кружылі над кожнай страхой груганы.
А за полем і гаем, над ціхай ракою,
Белы замак стаяў на крутой вышыні,
Там пілі і гулялі, і ў кожным пакоі
Аж да самага рання гарэлі агні,
І лілося віно, і звінелі цымбалы,
Аж дрыжалі ад песень і скокаў муры...
Многа вёснаў, і летаў, і зім мінавала
З той далёкай, але не забытай пары.
2
Пачыналася рана вясна на Палессі,
Прачыналася рненька-рана Алеся,
На світані выходзіла з курнае хаты,
А за ёю ішлі па дарозе дзяўчаты
На чужое, агорклае, панскае поле
I сваю пракліналі прыгонную долю.
Праляталі над імі буслы з журавамі,
I казала Алеся: «Ляцець бы за вамі
На лугі, на азёры, на ціхія рэкі,
Каб забыцца пра гора і панскія здзекі,
Паляцець бы за вамі і нам за аблокі,
Пад гарачае сонца, у вырай далёкі.
Каб не вяла краса, каб не гінулі сілы,
Падарыце нам лёгкія, белыя крылы».
Пазіралі журботна на неба дзяўчаты,
А насустрач ляцеў на кані прыганяты,
Захмялелы і люты, як чорная хмара,
I развеяў дзявочыя светлыя мары.
За сахою хадзілі, капалі, палолі,
Не раса зіхацела, а слёзы на полі,
I ад самага рання да позняе ночы
Чула пушча праклёны у песні дзявочай.
3
Не сядзелася ў хаце вясною Алесі –
Забывалася гора,
блукаючы ў лесе.
Гаманілі дубы і замшэлыя хвоі,
Булькатала крыніца пад елкай крывою,
У кусгах і ў ламаччы знікала сцяжына
Віўся хмель, налівалася сокам ажына.
Не прабілася сонца ў зялёныя нетры,
Не шумелі яліны ад буйнага ветру.
Зарасла багуном і чаротам нізіна,
Расступілася пушча, а там – азярына,
Ні лілеяў, ні бросні не відна нідзе,
Не калышуцца хвалі на чорнай вадзе,
Загусцелай, укрытай вясёлкамі тлушчу,
І трава каля возера чорная ў пушчы.
Паглядзела Алеся на чорнае ўлонне,
Зачарпнула вады ў тугія далоні,
I адразу зрабіліся рукі рудыя:
«Як дагэтуль не бачыла чорнай вады я?
Як ніхто да мяне па сцяжынцы звярынай
Не дайшоў да глухое лясной азярыны?»
Берасцянку тугую Алеся скруціла,
Разагрэтай смалою яе засмаліла,
I дамоў, каб ніхто не заўважыў сляды,
Берасцянку панесла дзівоснай вады.
Да Алесі пад вечар сышліся мужчыны,
Запалілі на комінку смольнай лучыны.
Пры няроўным святле разглядалі дзяды
Чарадзейныя кропелькі чорнай вады.
Вось адна на сухую лучынку упала –
Зырка ўспыхнула полымя, затрапятала.
Запыталі сівыя мужчыны тады:
«А ці многа у возеры чорнай вады?»
Адказала Алеся: «Канца не відно.
Колькі я ні глядзела, не ўбачыла дно».
«От і добра, – гаворыць хлапец малады, –
Сцежку ведае толькі Алеся туды,
Хай не кажа, ці блізка ісці, ці далёка,
Каб не ўбачыла возера панскае вока,
Каб цівун не дазнаўся, што ў пушчы сляды
Праз балота вядуць да гаручай вады.
А сцяжынку на возера ў цёмным бары
Хай пакажа Алеся малодшай сястры».
4
Калі ў небе дрыжалі блакітныя знічкі,
Загарэліся ў хатах нясмела газнічкі
Калыхаўся агеньчык на тоненькім кноце
І свяціў аж да пеўняў прыгоннай галоце.
Пралі кужаль кабеты і кросны снавалі,
Весялей на вячорках дзяўчаты спявалі.
Хоць і паншчына гнула, і голад душыў,
Пасвятлела адразу ў людзей на душы,
Спадзяваліся – прыйдзе збавенне народу,
Бо мужычаму роду няма пераводу,
I паціху Алесю хвалілі заўжды,
Што прыносіла ў хаты гаручай вады.
Цераз вёску пад восень, якраз на змярканні,
Ехаў пан з прыганятымі на паляванне,
Прыпыніўся на вуліцы з нейкай прычыны
I пабачыў, што ў хаце гарыць не лучына.
– Што там свеціць?
Адкуль у халопа газніца?
Дапытаць. А не скажа, на стайні дабіцца!
Цівуны паляцелі ў Алесіну хату.
– Ну, расказвай, якое мужычае свята
Ты спраўляеш? – пытае старэйшы адразу, –
I адкуль узялася газніца і газа?
Відна, мала вас білі і мала каралі,
Калі з панскага замка вы газы накралі!
– Не, зямелька нас корміць,
зямелька нам свеціць,
Нам ад пана нічога не трэба на свеце.
Мы сваё аддаём. Ці ж не з нашае працы
Вырастаюць да самага неба палацы?
Замігаў газнічок. Цівуны, як пачкары,
Бізунамі хвасталі Алесю на твары.
Хоць раз’юшаны пан гарцаваў на кані,
Загараліся ў кожнай хаціне агні.
Пасвятлелыя вокны у цемені ночы
Асляпілі зайздросныя панскія вочы.
Ён ад злосці шалеў. Загадаў, каб Алесю
Гайдукі з цівунамі вадзілі па лесе.
Аж пакуль не пакажа дарогу туды,
Дзе знайшла азярыну гаручай вады.
Не сціхалі, дапытвалі дзеўчыну каты
I пагналі разутую з бацькавай хаты,
Сырамятнымі пугамі рукі скруцілі
І па лесе да самае ночы вадзілі.
«Каб хацела, ніколі, ніколі ў жыцці
Мне да возера сцежку не ўдасца знайсці –
Бізунамі адбілі мне памяць і розум», –
Прашаптала Алеся дубам і бярозам.
А за ёю праз пушчу, чарот, багуны
На стаенніках ехалі тры цівуны.
– Супыніся! Ты зноў павяла не туды,
Пад дубамі на сцежцы чарнеюць сляды!
Задрыжала, заныла дзявочае сэрца,
Што прыкмецілі сцежку яны да азерца.
І пагналі па багне, кустах і ламаччы –
Не ад болю Алеся, ад роспачы плача,
Расхінулі чарот. Каля берага сталі...
Зашумелі на возеры чорныя хвалі,
Закіпела, завыла густая вада,
Застагнала Алеся: «Ой, будзе бяда...»
– Ты вядзьмарка,
няйначай, – крычаць цівуны,
Узвіліся над дзеўчынай тры бізуны.
Тут маланка рассекла барвовую хмару,
I над возерам гром нечуваны ударыў.
Захраплі, на калені пападалі коні,
Закіпела вада ў глыбокім прадонні.
Правалілася дно, пакаціліся хвалі
І адна за другою ў прорве знікалі.
Паказаліся з возера выспы, груды,
І не стала ні белай, ні чорнай вады.
– Згінь, вядзьмарка! –
ад злосці раўлі цівуны,
Папрыкручвалі рукі да тоўстай сасны.
Пазірала Алеся спакойна на катаў
I казала,
што хутка надыдзе расплата,
Што пакутаў і цемры ніколі не будзе,
Што святло адшукаюць сумленныя людзі.
Асталася Алеся ў дрымучым бары,
Праціналі пабітае цела вятры,
I дзяўчына ад крыўды заплакала горка,
Але чуе – паўзе па хваіне вавёрка,
Каля ног выбіваецца з чорнай травы
Невялічкі гарачы агеньчык жывы.
Перагрызла вавёрка раменныя путы,
Уздыхнула Алеся.
Мінулі пакуты.
На агеньчык сухога накідала вецця,
I пайшла, і панесла падзею па свеце,
Асталася Алеся навек маладою.
Вёску ж людзі назвалі Гарывадою.
5
З той пары праляталі гады і стагоддзі,
Але вера жыла і дужэла ў пародзе,
Што святло і гаручай вады на Палессі
Адшукаюць калісьці нашчадкі Алесі.
Ад палацаў адны засталіся руіны,
А імя не забылася смелай дзяўчыны,
I пад гоман кастра каля белай палаткі
Пра Алесю расказвалі казкі нашчадкі.
На звярыных сцяжынах, на багне, на гале
Маладыя геолагі скарбы шукалі,
Пад дажджамі, і ў спёку, і ў лютыя буры
Прабівалі балота сталёвыя буры.
Аддавала зямля ўсё, што некалі мела,
Працавітым, разумным, сумленным і смелым.
За Алесінай вёскай, на полі ў зацішку,
Вырасталі за вышкаю новыя вышкі,
А калі зацвіталі вясною сады,
Падняліся фантаны гаручай вады,
Вырас горад, нібыта ў казцы ці ў песні,
I не згаснуць ніколі агні на Палессі!
Похожие статьи:
Пераказы → Палесся абрус аксамітны
Пераказы → Прыпяцкі запаведнік