Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Станіслаў Шушкевіч - Пчала і Авадзень

   Пчала ляцела ў свой вулей дадому, а Авадзень – куды вочы глядзяць. У яго ніякай хаціны няма. Па дарозе яны ўбачылі квяцістую ліпу. Пчала прысела на кветку, а Авадзень учапіўся за лісток і ад няма чаго рабіць пачаў гушкацца і брынькаць. У гэты час крапянуў дожджык. І Пчала і Авадзень схаваліся пад шырокі ліпавы лісток, прымасціліся побач.
   – Для чаго ты збіраеш пылок і нектар з кветак? – пытае Авадзень у Пчалы.
   – Каб сябе і сям’ю карміць, каб і чалавеку аддаць лішкі, – адказала Пчала.
   Авадзень зарагатаў. Яму смешна стала, што пчала частуе і чалавека, якога ён не раз збіраўся ўкусіць.
   – А за што ж ты чалавека корміш мёдам? – спытаў Авадзень.
   – Чалавек пабудаваў нам вуллі, у якіх мы жывём. Чалавек абгарадзіў нашы вуллі плотам, каб да іх не падышла жывёла. Чалавек пасадзіў вакол нашых вулляў яблыні, грушы, вішні і слівы. З кветак гэтых дрэў мы збіраем мёд.
   – Няўжо яблыні і грушы цвітуць? А я і не ведаў, – пакруціў галавою Авадзень.
   – Хіба не бываў вясною ў нашых мясцінах? – пацікавілася Пчала.
   – А я жыву ўсяго трэці дзень. Мне ніхто пра сады не расказваў. Авадні жывуць нядоўга, іх век кароткі, усяго пяць дзён. Праўда, ёсць сярод нас і такія, што дажываюць і да дваццаці дзён.
   – Гэта таму, што вы гультаі, дык і недаўгавечныя, – сказала Пчала. – Мы жывём па некалькі год. Ёсць і ў нашых сем’ях абібокі, трутні. Іх век таксама кароткі. Вясна, лета, а як прыйдзе халодная восень, мы іх выганяем з вулля, і яны паміраюць ад холаду і голаду.
   – І вам іх не шкада?
   – Хто не працуе, той не мае права на яду, – загула Пчала.
   – А можа, у вашай сям’і гэта толькі ты такая строгая, а ўсе астатнія добрыя і лагодныя? – пацікавіўся Авадзень.
   – У нашым вуллі ажно сто тысяч такіх, як я. І ўсе любяць працаваць. Мы ад раніцы да вечара збіраем пылок і нектар, робім мёд, – яшчэ мацней загула Пчала.
   – Ой, не гудзі так моцна, – папрасіў Авадзень. – Ужо дожджык сціхае, пачуе нашу размову Верабей, прыляціць і задзяўбе нас.
   – Пчол Верабей не есць, – адказала Пчала. – Мне няма часу з табой размаўляць, палячу хутчэй у вулей.
   – І мне трэба ляцець, бо есці хочацца. Вунь на пагорку каровы пасуцца, можа, з якой-небудзь крыві насмакчуся, – дзынкнуў Авадзень.
   – Ого-го! Дык ты не толькі гультай, а і крывасмок! – сказала Пчала і вылецела з-пад лістка. За ёй, нібы наўздагонкі, паляцеў Авадзень.
   З ліпы яго ўбачыў Верабей і куляю кінуўся за ім. На ляту злавіў ён Авадня, на ляту і праглынуў яго. Пчала бачыла гэта. Мо і пашкадавала яна свайго нядаўняга суседа, з якім некалькі хвілін пасядзела пад ліпавым лістком, бо чуваць было, як жаласліва загула:
   – Няўжо гэты гультай-крывасмок жыў усяго тры дні? І за гэтыя тры дні ані розуму не набраўся...

 

Похожие статьи:

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Свавольнікі

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Па лісточку поўзаў смоўж

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Знатныя лісічкі

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Камарык

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Верабейка