Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Станіслаў Шушкевіч - Партызанскі звон
Пад ялінамі, у гушчарніку, стаяла закураная павець. А крокаў сорак ад яе, на грудку, прытуліўся да стромкай сасны будан, пакрыты бярозавай карой і абложаны тонкім пластом дзёрну. Тут гаспадарыў партызанскі каваль Сцяпан Мажэйка. Пад павеццю стаяла кавадла, вісеў стары кавальскі мех, на дошцы ляжалі малаткі, напільнікі і абцугі.
У самім будане стаяў толькі сплецены з лазы тапчан. На старым, па- лапленым сенніку ляжалі суконная коўдра і кажух. Ад будана ішлі дзве добра пратаптаныя сцяжынкі: адна да павеці-кузні, другая – да балотца. Яно ўсё зарасло купінамі і цягнулася кіламетраў з пяць ажно да самага бору.
Паблізу балота з-пад пагорка выбівалася маленькая крынічка. Каваль чэрпаў з яе ваду. Тут, над ёю, на вываратні замшэлай алешыны, сядзеў і адпачываў ён у вольныя хвіліны. Сюды любіў забягаць да старога каваля Марат Казей і слухаць яго цікавыя расказы. Знаёмства ў іх завязалася не так даўно. У Маратавага каня Орліка адстала адна падкова і ледзь трымалася на капыце. Марат прывёў каня да дзеда Сцяпана. Той доўга гладзіў Орліка, хваліў, нават схадзіў у будан і прынёс для яго кавалачак хлеба. А калі заўважыў у Орліка на назе ранку, знайшоў бутэлечку дзёгцю, змазаў ранку і сказаў Марату, што цяпер балячка хутка загоіцца.
З гэтага дня і пасябраваў Марат Казей з кавалём.
Летнім ранкам прывяла Марата да каваля зусім невялікая патрэба.Надламалася зашчапка ў спражцы. А без папружкі лясному салдату не абысціся. На ёй вісяць гранаты, пісталет або цясак. А ў халодныя дні, чым тужэй падперазаны шынель або ватоўка, тым цяплей і нават лягчэй ісці.
Каваль узяў у рукі папружку, агледзеў спражку, усміхнуўся і сказаў:
– Ведаеш, сынок, бяда тут невялікая. Зараз дамо ёй рады, так замацуем, што, каб і хацеў, не адарвеш.
Сцяпан Мажэйка ўзяў малаток, падышоў да кавадла і акуратна выраўняў на ім зашчапку ў спражцы. Потым падняў кручок.
Марат падперазаўся, заткнуў за пояс гранату і хацеў падзякаваць дзеду за работу, але каваль спыніў яго на паўслове:
– Калі хочаш аддзякаваць, сынок, дык знайдзі кавалак рэйкі. Вельмі ж яна мне патрэбна...
Марат паабяцаў, што пастараецца знайсці. Праз тыдзень ён са сваімі старэйшымі таварышамі Мікалаем Калечыцам і Мікалаем Шамко выправіліся ў баявую разведку.
Трое коннікаў імчаліся лясной дарогай да чыгуначнай каляі Койданава–Станькава. На гэтым участку чыгункі фашысты рыхтаваліся да перавозкі важных грузаў. Яны нагналі сюды рабочых, якія падбівалі шпалы, правяралі ўмацаванне рэек, забівалі новыя штылі.
Акупанты меркавалі, што паблізу стаяць моцныя гарнізоны і партызаны ўдзень не адважацца сюды ткнуць носа.
Партызаны спыніліся ў густым хмызняку. Ахову коней даручылі Мікалаю Шамко, а Марат Казей і Мікалай Калечыц пачалі прабірацца лагчынаю да чыгуначнай каляі. Радавала іх тое, што навокал многа зарасніку, рос малады бярэзнічак і ельнічак, а яшчэ ніжэй, каля чыгункі, – густы алешнік. Затаіўшыся ў гушчары, Марат і Калечыц пільна ўглядаліся на палоску рэек, правяралі, як часта праходзяць аглядчыкі.
Раптам з боку Станькава пачуўся грукат колаў і шум матора. Па рэйках імчалася дрызіна. Наперадзе тырчэў кулямёт, за якім сядзеў немец у касцы. Апрача кулямётчыка, на дрызіне сядзела пяць салдат з аўтаматамі напагатове. Неўзабаве паявіліся вартавыя. Яны моцна грукалі па шпалах падкаванымі ботамі.
Калі салдаты зніклі, Марат і Калечыц кінуліся да рэек, прымацавалі да іх некалькі толавых шашак, працягнулі шнуры. Падпалілі іх, адбегліся як мага далей і прытуліліся да зямлі. Пачуліся страшэнныя выбухі, узняўся слуп зямлі. Глянулі хлопцы на чыгунку і ўбачылі, што рэйкі на некалькі метраў былі разарваны і развернуты шпалы.
– Хутчэй да коней! – загадаў Калечыц.
Але Марат, здавалася, не чуў гэтай каманды. Ён кінуўся да насыпу, схапіў паўметровы кавалак рэйкі, ускінуў яго на плячо і пабег да Калечыца.
– Навошта яна табе, кінь! – крыкнуў Мікалай.
– Калі ўзяў, значыць, трэба! – сказаў Марат. Знаёмай лагчынаю вярнуліся хлопцы да коней.
У лесе іх чакаў Мікалай Шамко. Напалоханыя выбухамі на чыгунцы, коні насцярожана стрыглі вушамі.
Марат упакаваў рэйку ў фураж-ны мех і падвязаў да сядла.
Калі ўжо зайшло сонца, Марат прыйшоў у кузню. Каваль сядзеў на альховым вываратні, заняты сваімі думкамі. Голасна кракталі жабы, у далёкім бары абазвалася напалоханая сава.
– Добры вечар, дзядуля! – сказаў Марат, скінуў з плячэй мех і выцягнуў з яго рэйку.
– Дзякуй, унучак, –узрадаваўся стары каваль.
– Цяпер скажыце, дзядуля, навошта яна вам?
Каваль прытуліў хлопца да сябе:
– Камбрыг загадаў. З тваёй рэйкі мы зробім наш партызанскі звон... На досвітку ён будзе падымаць усіх, а вечарам званіць адбой. А калі што якое... Дык сам ведаеш...
Стары каваль прыкруціў рэйку дротам да сухой сасновай галіны.
Назаўтра раніцай партызанскі лагер падымаўся па баявому сігналу.
Похожие статьи:
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Знатныя лісічкі
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Верабейка
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Камарык
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Па лісточку поўзаў смоўж