Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Станіслаў Шушкевіч - Ліса з магнітафонам

Увага! Поўны змест

   Купіла Ліса дарагі магнітафон, збіралася не толькі слухаць прыемную музыку, а і пэўную карысць мець. Але... Але не збыліся мары Лісы.
   Ідзе яна праз гай. Чуе салаўіную песеньку. Здымае магнітафон, ставіць пад дрэвам і запісвае цудоўныя спевы. Убачыў гэта Салавей, узмахнуў крыльцамі і ўзляцеў на самую верхавінку дрэва. Ліса просіць Салаўя спусціцца ўніз і сесці ля мікрафона. І што ж вы думаеце? Салавей адказаў ёй проста і нават грубавата:
   – Няма дурных, шаноўная Лісачка!
   – Мілы Салоўка, – схіліўшы галаву, праз зубы працадзіла Ліса, – ды я ж хачу ўвекавечыць непаўторны талент. Запішу твой голас на стужку і аддам яе на вечнае захаванне Крату. Праз сотні год пачуюць нашчадкі твой голас.
   – Мне векавечная слава не патрэбна, – кажа Салавей. – Ідзі прэч са сваёй катрынкай!..
   Пайшла Ліса ў бярэзнічак і з такой жа просьбай звярнулася да вясёлай Берасцяначкі. А тая махнула хвосцікам, ціўкнула і паляцела ў гушчар.
   – Які з гэтых птушак наедак? – буркнула сама сабе Ліса і пайшла ў глухі лог. Знайшла там знаёмую сцежку і падалася да старога Ваўка. Ліса была ў яго на тым тыдні, прасіла, каб ён дапамог выселіць старога Барсука з яго новай кватэры, але Воўк не згадзіўся, сказаў, што за грубасць яго могуць сурова пакараць. А цяпер Ліса цешыла сябе думкаю, што ашукае Ваўка, зробіць так, што ён ні аб чым не здагадаецца.
   Стукаецца ціха ў Воўчыя дзверы Ліса, пытае, ці можна зайсці.
   – Калі ласка, заходзь, кума! – кажа Воўк. – Якія навіны прынесла, што добрае чуваць?
   – Вось бачыш, дружа, з магнітафонам завітала да цябе, хачу твой голас запісаць на стужку, а пасля аддаць яе на вечнае захаванне Крату. Праз сотні год пачуюць нашчадкі тваё слова, ацэняць твой талент.
   – Дык што ж мне зрабіць? – пытае Воўк.
   – Ты, паважаны, спачатку моцна-моцна завый! Я чула калісьці, як ты склікаў сваякоў. О, які ў цябе быў магутны голас!
   Воўк завыў, ды так, што ажно магнітафон затросся.
   – А цяпер, мой міленькі, – шэпча Ліса Ваўку на вуха, – скажу па сакрэту. Я пасварылася са сваім мужам і сказала, што не буду з ім размаўляць. Хачу неспадзяванку зрабіць. Загаворыць да мяне муж, а я да яго ні слова. Загаворыць другі раз, а я магнітафон уключу і пачуе ён твой грозны голас:

Надакучыў ты без меры,
Уцякай з маёй кватэры!..

   – Дык што ж мне зрабіць? – зноў пытае Воўк.
   – А ты, мой даражэнькі, разоў дзесяць паўтары тое, што я табе ўжо сказала:

Надакучыў ты без меры,
Уцякай з маёй кватэры!..

   Вые Воўк перад мікрафонам, паўтарае слова ў слова тое, што яму Ліса сказала. Хітруха сочыць за ім і аж трымціць ад радасці.
   Скончыла Ліса запіс Воўчага голасу, закінула магнітафон за плечы і пабегла наўпрасткі ў дубнячок да Барсуковай хаты. Пачуў Барсук, як Ліса цяжка сапе, падымаецца на пагорак. Глянуў праз шчылінку ў дзвярах на нязваную госцю і гадае, што яна рабіць будзе.
   Прабралася Ліса ў хмызнячок ля Барсуковай хаты, паставіла там магнітафон і завяла яго, а сама шмыгнула ў лес.
   Пачуў Барсук спачатку прыгожы салаўіны голас, пасля ціўкнула некалькі разоў Берасцяначка, а ўрэшце пачулася пагрозлівая Воўчая песенька:

Надакучыў ты без меры,
Уцякай з маёй кватэры!..   

   Смешна стала Барсуку. Паклікаў ён жонку, расказаў    пра Лісіныя хітрыкі, і яны скемілі, што трэба зрабіць. Прынеслі магнітафон у хату і зрабілі на магнітафоннай стужцы кароценькі адказ Лісе. Магнітафон зноў вынеслі на старое месца, а самі селі за стол каву піць і свежую газету чытаць.
   Ліса думала, што яна напалохае Барсука Воўчым голасам, што Барсук збярэ свае рэчы і ўцячэ з новай кватэры. Вярнулася да Барсуковай хаты, чуе праз дзверы вясёлыя галасы і дзівіцца:
   – Няўжо я яго не напалохала?.. А можа, ён нічога не чуў?..
   Прывалакла Ліса магнітафон пад дзверы, схавала ў зеляніне, завяла, а сама недалёка за кусцікам прысела.
   Чуе Ліса з магнітафона галасы Салаўя і Берасцяначкі, пасля выццё Ваўка, а ўрэшце пачула насмешлівую Барсукову песеньку:

Бяры хутчэй магнітафон,
Бяжы ты з хаты маёй вон!

   Зразумела Ліса, што і Барсук ужо ў магнітафоннай тэхніцы разбіраецца, што яго не так лёгка ашукаць і напалохаць. Ускінула Ліса магнітафон на плечы і паплялася дадому.
   Прыйшла стомленая, галодная. У пярэднім пакоі паставіла на стале магнітафон, а сама лягла ў спальні спаць. Нават дзверы забылася зачыніць.
   Тым часам праходзіў каля Лісінай хаты Мядзведзь. Парашыў ён зайсці да суседкі. Глянуў у расчыненыя дзверы, бачыць, магнітафон на стале стаіць, а гаспадыня ў спальні спіць і нічога не чуе. Надумаў Мядзведзь пажартаваць з Лісы, завёў магнітафон, а сам у мяккай канапе рассеўся.
   Чуе Мядзведзь прыемныя галасы Салаўя і Берасцяначкі, а пасля Воўчы голас, а нарэшце і Барсук загаварыў:

Бяры хутчэй магнітафон,
Бяжы ты з хаты маёй вон.

   – Ну, калі просяць, дык і зробім гэтак, – сказаў Мядзведзь. Узяў магнітафон і пайшоў з ім у свой дом-бярлогу.
   Аж пад раніцу прачнулася Ліса, глянула на стол, а магнітафона няма. Горкімі слязамі заплакала яна, пачала прыгаворваць:
   – Гэтулькі грошай аддала, а карысці аніякай. Цяпер свет такі стаў, што звяры і птушкі парабіліся мудрэйшыя за мяне.
   Воддаль у лесе спяваў Салавей, ціўкала Берасцяначка, а Барсук клікаў сваіх дзетак на снеданне.

 

Похожие статьи:

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Знатныя лісічкі

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Па лісточку поўзаў смоўж

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Верабейка

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Свавольнікі

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Камарык