Бабку не прасілі,
Не прасілі дзедку,
Самі пасадзілі
Ў чыстым полі рэпку.
Ды на гэтым полі
Болей не бывалі,
Рэпку не палолі
I не палівалі.
Надыходзіць восень,
Як там з ураджаем?..
Гуртам бабку просім,
Дзеда запрашаем.
На пустым прагале,
Між хвашчу, асоту
Ураджай шукалі
Да сёмага поту.
Ураджай сабралі
У крысо паспешна.
Доўга рагаталі,
Хоць было не смешна.
Рагатала бабка,
Рагатала ўнучка,
Нават курка рабка
Сакатала гучна.
Сучка забрахала
Каля сваёй будкі.
Рэпы было мала,
Ўся была танюткай.
Смешна было мышцы,
Хвосцікам круціла,
Рэпка з вішню ў лыжцы,
Корань, нібы шыла!
Бабку не прасілі,
Не пазвалі дзедку,
Самі ж пасадзілі
У чыстым полі рэпку!
Похожие статьи:
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Знатныя лісічкі
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Па лісточку поўзаў смоўж
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Камарык
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Верабейка
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Свавольнікі