Іду аднаго разу па вуліцы, а насустрач – Сяргейка, суседскі хлапчук. Спыніўся і раптам запытаў мяне:
– Якія птушкі ў норках жывуць?
– Ластаўкі-беражанкі, – здзіўлены яго пытаннем, адказаў я.
– Не, гэта была не ластаўка.
– Можа, зімародак?
– А які ён?
– Спінка блакітная, куртаты хвост, доўгая дзюба.
– Не, – крутнуў галавой Сяргейка.
– Тады, можа, шчурка? – гадаю я. – Рыжавата-сіняя птушка, велічынёй са шпака.
– Гэта меншая, з вераб’я, – падказаў Сяргейка.
– Няма ў нас болей птушак, якія б вяліся ў норках.
– Ёсць, – не пагаджаецца Сяргейка. – Я ж бачыў яе.
Што ж гэта за птушка такая? Мяне самога пачала разбіраць цікаўнасць. І я папрасіў:
– Пакажы, дзе яна жыве.
Сяргейка падвёў мяне да кучы камянёў побач дарогі і паказаў норку пад імі.
– Э-э-э, мышыная, – махнуў я рукой.
– Не мышыная, а птушкі-нарушкі, – пярэчыў Сяргейка.
Прыселі на зямлю зводдаль, чакаем гаспадыню норкі. Хто яна, мышка ці птушка? Я ўпэўнены, што мыш. Сядзім і моўчкі на нару пазіраем. Падлятае, бачым, шэрая птушачка з чарвячком у дзюбцы. Паскакала на камені, пабліскваючы белым надхвосцем, і – шусь у норку!
– Там у яе, – шапчу, – маленькія дзеці. А ведаеш, як завуць яе? Каменка.
– А вы ж казалі, што няма болей птушак, якія ў норках жывуць.
– Самі каменкі норак не капаюць, – пачаў тлумачыць я. – Капаюць ластаўкі-беражанкі, зімародкі і шчуркі. Гэтая ж каменка, бачыш, упадабала мышыную норку. Любіць віць гнёзды ў крушнях – кучах камянёў, за гэта і завуць яе каменкай.
Сяргейка паслухаў і кажа:
– А я буду зваць яе птушкай-нарушкай.
– Што ж, няхай сабе будзе нарушкай, – пагадзіўся я. – Толькі не чапай яе, не палохай, у гняздзечку – птушаняткі.
Похожие статьи:
Авяр’ян Дзеружынскі → Авяр’ян Дзеружынскі - Птушыныя напевы
Пераказы → Песня птушкі
Пераказы → Уладар начной пушчы
Пераказы → У вясеннім небе
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Птушыная мова