Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыгор Ігнаценка - Першамайскі падарунак

   Набліжалася першамайскае свята. Дні стаялі сонечныя, цёплыя. На дрэвах і кустах набрынялі пупышкі, гатовыя вось-вось лопнуць і выкінуць маленькія кволыя лісточкі. Ля шпакоўняў на бярозах каля школы весела распявалі шпакі. Ім памагалі бестурботныя вераб’і. З садоў даносіўся нязмоўчны крык гракоў.
   Заняткі ў той дзень у школе скончыліся, але вучні не разыходзіліся дамоў – рыхтаваліся да свята. Дзеці ўбіралі смецце, падмяталі сцежкі, пасыпалі іх жоўтым пяском.
   Быў занятак і ў Сані з Віктарам – яны ўтрамбоўвалі пясок каля параднага ўвахода ў школу. Рабілі гэта старанна.
   Работа блізілася да канца, калі да хлапчукоў аднекуль падышоў вартаўнік.
   – Няхай бы вы пасадзілі ды вырасцілі елачкі каля школы, – параіў ён, – вось гэта было б вечна і прыгожа.
   – А ці прымуцца елачкі, калі іх пасадзіць цяпер? – спытаў Віктар у вартаўніка.
   – Вядома. Трэба будзе толькі часцей вадой паліваць, бо яны любяць вільготнасць, – уступіла ў размову настаўніца, якая выйшла са школы.
   Хлопчыкі весела пераглянуліся.
   Гэтую ноч Саня і Віктар спалі неспакойна. Ім сніліся высокія зялёныя елкі. А хлапчукі, стаўшы ўжо дарослымі людзьмі, хадзілі па школьным двары, паскрыпваючы вайсковымі рамянямі, і ўсё любаваліся прыгожымі дрэвамі.
   Ранкам Саня выйшаў з дому, зірнуў на бярозкі, што раслі ўздоўж вуліцы, і не паверыў сваім вачам: дрэвы пазелянелі. Значыць, за адну ноч у прыродзе адбыліся змены. Радасць ахапіла хлопчыка. Ён узяў каля хлява рыдлёўку і выйшаў на вуліцу.
   – Куды гэта Саня Аўтухоў з рыдлёўкай пайшоў? – спытала адна суседка ў другой.
   – Хто яго ведае, – адказала тая. – яму ўсюды занятак ёсць. Хлопец працавіты. Пашка ніяк сынам не можа нахваліцца.
   Хутка падышлі Віктар з Жорам, Сяргей, Лена і Валя. Калі ўсе былі ў зборы, Саня звярнуўся да сяброў:
   – А цяпер хадземце да лесніка – дзядзькі Міколы. Трэба з ім параіцца.
   Неўзабаве дзеці разам з лесніком накіраваліся ў лес.
   – Бачыце на пагорку ельнічак? – спытаў дзядзька Мікола.
   – Бачым.
   – Вось там і будзеце капаць.
   – А можа, у нізінцы? – нясмела сказала Лена. – Там ялінкі зелянейшыя.
   – Там нельга капаць, – растлумачыў ляснік. – Дрэўцы, перанесеныя з нізкага месца на высокае, дрэнна прыжываюцца. А ваша школа ж стаіць на ўзвышэнні. Ды на ўзгорку дрэўцы загушчаны. Прарэджваць іх трэба. А капаць дрэўцы неабходна так, каб на новае месца перанесці з зямлёй. Так яны лепш прыжываюцца.
   Хлопчыкі і дзяўчынкі ўважліва слухалі лесніка.
   – Пасадзіць дрэўца – невялікая мудрасць, – гаварыў дзядзька Мікола. – яго даглядаць трэба. Толькі тады яно будзе расці.
   Дзеці хацелі так пасадзіць свае елачкі, каб яны абавязкова раслі, каб не было сорамна за сваю працу. Дрэўцы капалі надзвычай акуратна, стараючыся не пашкодзіць ніводнага карэньчыка. Колькі часу мінула за працай, цяжка сказаць. І вось пачуўся радасны вокліч Віктара:
   – Ура-а! Мая гатова!
   Услед адазваўся Жора. Потым Лена, Сяргей, Валя.
   Выкапаў сваю елачку і Саня. Ды якую: стройную, густую, зялёную!
   Працавалі дзеці ў гэты дзень амаль да самага вечара. А ранкам Першага мая, калі сабраліся ўсе вучні і прыйшлі настаўнікі, яны ўбачылі каля школы жывыя елачкі.

 

Похожие статьи:

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Грыбнік

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ягады пад снегам

Зоська ВерасЗоська Верас - Скуль узяліся ў нас бярозы і асіны

Пераказы, дыктантыВосенню ў лесе

Рыгор ІгнаценкаРыгор Ігнаценка - Ганарлівая птушка