Кожны грыбнік мае свае мясціны ў лесе. Меў такую і Толік. Гэта была невялічкая светлая палянка сярод лесу. На ёй рос тоўсты дуплаваты дуб. У дупле вяліся круцігалоўкі, і хлопчык часта назіраў, як птушкі кармілі сваіх дзяцей.
На палянцы кожны год расло шмат баравікоў, падасінавікаў, падбярозавікаў, суравежак. Аббяжыць Толік раненька сваю мясцінку, глядзіш – повен кошык грыбоў, маладзенькіх, крамяных. Не паспее маці ў печы выпаліць, а сын ужо дома з грыбамі.
Аднойчы прыбег ён на палянку, аж бачыць – адны толькі карэньчыкі валяюцца. Толік здзівіўся: «Хто ж гэта раней за мяне прыходзіў?» І падумаў, што, мабыць, малыя дзеці. Бо школьнікі не стануць вырываць корань з зямлёю, каб не пашкодзіць грыбніцу.
Праз два дні Толік зноў прыбег на знаёмую палянку. Грыбоў яшчэ ніхто не чапаў. І хлопчык пачаў збіраць іх у кошык.
Але вось нешта зашастала ў арэхавым кусце. Толік сцішыўся за тоўстым дрэвам: дай, думае, пагляджу, што за грыбнік ідзе.
І раптам высунулася вялізная галава з разгалістымі рагамі.
«Ло-ось», – шапнуў хлопчык і сцяўся ўвесь.
Звер выйшаў на палянку, сцепануўся, фыркнуў, панюхаў паветра і ўзяўся збіраць грыбы. Вырве тоўстымі губамі з зямлі, адкусіць мяккую шапачку, а корань адкіне.
Толік не стаў пужаць лася, хоць і шкада было грыбоў. Такога незвычайнага грыбніка хлопчык бачыў упершыню.
Похожие статьи:
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Зайчык-выхваляйчык
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Уцякач
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Казка пра ласку
Еўдакія Лось → Жыццёвы і творчы шлях Еўдакіі Лось
Еўдакія Лось → Еўдакія Лось - Маці