Дзед Яўсей паснедаў, абуў абшытыя кажушынай валёнкі, апрануўся і пачаў шукаць сякеру.
– Ты куды, дзядуля, пойдзеш?
– На азярко. Прасяку некалькі палонак, каб лягчэй дыхалася рыбе. Каму холадна, каму душна. Цяжка ёй цяпер пад лёдам, можа задыхнуцца без паветра. Не будзе куды нам з табою ўлетку хадзіць з вудамі.
– Вазьмі мяне, – папрасіў Міша.
– Ну што ж, калі не лянуешся, збірайся, – згадзіўся дзед.
Міша таксама цёпла апрануўся, і яны пайшлі за вёску, дзе было азярко. Здалёк блішчаў лёд, на дрэвах, на кустах іскрынкамі мігацеў пушысты іней.
Дзед распрануўся, папляваў на далоні і ўзяўся за працу.
«Х-хы, х-хы, х-хы!» – моцна выдыхае дзед. Белая пара клубком валіць з рота, а ён усё сячэ ды сячэ крохкі лёд.
Лёд тоўсты, да вады далёка. Але вось паказалася цёмная плямка. Дзед секануў яшчэ, і з-пад лёду фантанчыкам ударыла вада. Дзед ачысціў палонку ад лёду, і з вады вытыркнуліся маленькія галоўкі.
– Дзядуля, глянь, колькі рыбак! – крыкнуў Міша.
– Пачулі, адкуль паветра пайшло. Дыхайце, дыхайце, – радуецца дзед Яўсей.
Міша прайшоў па лёдзе далей і пазнаў тое месца, дзе яны ўлетку лавілі рыбу. Ён крыкнуў:
– Дзядуля, ідзі тут прасячы палонку. Няхай і нашы рыбкі дыхаюць свежым паветрам.
– Прасячом і тут, і там, і там, – сказаў дзед.
– Я хачу сам памагчы нашым рыбкам, дай мне, дзядуля, сякеру, – папрасіў Міша.
– Цяжкая яна для цябе. Але на, паспрабуй. Міша папляваў на рукі, як дзядуля, надзеў рукавічкі, і хутка пачуліся ўдары вострай сякеры па звонкім лёдзе.
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Стронга
Віталь Вольскі → Віталь Вольскі - Як зімуюць рыбы
Пераказы, дыктанты → Возера (Паводле Ф. Казлоўскага)
Пераказы, дыктанты → Важкі промысел
Пераказы, дыктанты → Жыццё ў вадаёме