Аднойчы, збіраючы на ўзлессі рыжыкі, я ўбачыў дзвюх кнігавак, якія адна за адною стомлена ішлі па пожні.
Час быў асенні. Дрэвы і хмызнякі апрануліся ў першую пазалоту. Усе кнігаўкі даўно паляцелі на поўдзень. А гэтыя дзве чамусьці засталіся.
За большай, якая крочыла ўперадзе, час ад часу ўзнімаючыся ў паветра, ледзьве пасоўвалася са спушчаным левым крылом меншая кнігаўка. Ішлі яны ў адным кірунку, нікуды не збочваючы.
«Маці! – мільганула здагадка. – А кволая, з хворым крылом, яе дзіця».
На гэту думку, як на верацяно ніткі, хутка пачалі наматвацца іншыя здагадкі.
Вось як гэта, відаць, адбылося. Маладая кнігаўка, уцякаючы ад злоснага ястраба, аб дрэва альбо аб правады ўдарылася. Магчыма, хітрая ліска схапіла неразумнае птушаня, ды небарацы пашчасціла вырвацца з зубоў драпежніцы. А мо які нядобры паляўнічы падстрэліў?
Як бы там ні было, толькі ў вырай яна ужо не магла ляцець. Птушаняці была наканавана зімой галодная смерць. Але маці не пакінула ў бядзе сваё дзіцяня. Яна пеша павяла яго ў цёплыя краі.
I вось яны зараз у дарозе. Ідуць разам на той далёкі поўдзень.
Вельмі доўгі гэта і небяспечны шлях. Птушак уперадзе чакае шмат цяжкасцей і перашкод.
I усё ж, насуперак усяму, кнігаўкі ўпэўнена ідуць жыццю насустрач. I хочацца верыць, што яны дойдуць, абавязкова дойдуць.
Шчаслівага вам шляху, адважныя падарожнікі.
Похожие статьи:
Пераказы → Сустрэча з маці
Пераказы → І надыходзіць дзень
Янка Золак → Янка Золак - Ода маці
Пераказы → На скрыжаванні
Пераказы → Да маці