Сяджу спакойна,
Без турбот.
Ды нехта шкроб у дзверы.
– Ці пазяхае бегемот? –
Пытае зайка шэры.
Маўчу,
Вады набраўшы ў рот,
Прыкінуўся
Нязнайкай.
– Ці пазяхае бегемот? –
Зноў пакасіўся зайка.
Разгладзіў вусы рыжы кот,
Яго ніхто не клікаў.
– Ці пазяхае бегемот? –
Прыжмурыўся мурлыка
І крот,
Вядомы абармот,
Знайшоў нарэшце вочы.
– Ці пазяхае бегемот? –
Дазнацца дужа хоча.
Бугай,
Аглухлы ад грымот,
Хацеў басці маланку.
– Ці пазяхае бегемот? –
Як зараве ля ганку.
Настырны надта вы народ,
Дакучылі да смерці.
– Ці пазяхае бегемот?
Ідзіце ды праверце!
– А дзе жыве
Той бегемот? –
Усе спыталі хорам.
– А там,
Дзе жыў ён дзвесце год.
Быць невукамі сорам!
Пакажа вам жыраф
Раку,
Дзе твань і цягамота.
Ідзіце проста ў Афрыку
Пабачыць бегемота.
– Цяпер,
Вам дзякуй,
Знаем дзе.
У Афрыцы, вядома.
Ды хто
Туды нас павядзе,
Бо ў Афрыцы ж – не дома?!
Мы можам згінуць без пары,
Нас можа з’есці заедзь.
– Вы ўсе разумныя,
Сябры,
А самы хуткі заяц...
Ідзіце.
Года не міне –
Здаволіце ахвоту.
Ды перадайце ад мяне
Вітанне бегемоту.
Вам сам
Шаноўны бегемот
Адкажа на пытанне.
І дружна рушылі ў паход
Сябры
Назаўтра ўранні.
Нялёгка пакідаць жытло,
Ды знаць усё –
Цікава.
То сонца ўперадзе ішло,
То некуды ўцякала.
Сябе б саміх
Не ашукаць,
Ішлі,
Ва ўсіх пыталі,
Як бегемота адшукаць,
Альбо гіпапатама?
Яго знайшлі нарэшце
Там,
Дзе нізка
Звісла неба.
Разбуджаны гіпапатам
Скрывіўся:
– Што вам трэба?..
Якраз
Не ў час
Прыйшлі яны.
Не ў госці ж да суседа.
Таўшчэзны
Бегемот ляны
Драмаў пасля абеду.
І гэткая дрымота
Найшла на бегемота,
Ён гэтак смачна
Пазяхнуў –
І ўсіх цікаўных
Праглынуў.
Цяпер
Не маю я клапот.
А знаць каму ахвота,
Ці пазяхае бегемот?..
Спытайце ў бегемота!..
Похожие статьи:
Рыгор Барадулін → Рыгор Барадулін - Уцякала зіма ад вясны...
Кастусь Жук → Кастусь Жук - Бегемот без ботаў
Биографии → Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін → Рыгор Барадулін - Світанняў я з табой не сустракаў...
Рыгор Барадулін → Творчасць Рыгора Барадуліна