Год
Ахвочы да прыгод,
Круціць, кружыць карагод.
Пачынае пералік:
Студзень,
Люты,
Сакавік.
Студзень студзіць
Рунь густую.
Люты злосны,
Ён лютуе.
Сок пускае сакавік –
Да салодкага прывык.
Следам з краскай
Красавік,
І лясун і палявік.
Травень-май
Траву лагодзіць.
Чэрвень
З чырванню прыходзіць.
Ліпень
Ліпам цвет прыносіць.
Жнівень жне,
Атаву косіць.
Раіць
Верасень вясёлы:
Хай лятуць на ўзлесак
Пчолы.
Там не зябнуць
Ад расы,
Зацвітаюць верасы.
І кастрычнік не гуляе –
Клопату з ільном хапае.
Разлятаюцца кастрынкі,
Як халодныя іскрынкі.
Лістапад
Надвор’ем мглістым
Высцілае сцежкі
Лістам.
Снежань-лежань
Снег трасе.
Вось вам месяцы
І ўсе.
І нанова
Кожны год
Пачынае карагод.
Похожие статьи:
Рыгор Барадулін → Дзіцячая паэзія Рыгора Барадуліна
Рыгор Барадулін → Творчасць Рыгора Барадуліна
Биографии → Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін → Рыгор Барадулін - Уцякала зіма ад вясны...
Рыгор Барадулін → Рыгор Барадулін - Світанняў я з табой не сустракаў...