Сонца і ветру батрак,
Стаіць на пагорку вятрак,
Суседзі сваё адмахалі,
Адзін сірацее...
Пыльна.
Дзе ж гэта падводы з мяхамі?
Чакае, ўглядаецца пільна.
Калі ж засклыгочуць восі!
Не чуць...
А начамі сніцца:
Каўшы засыпае восень –
Ён смачна хрумсціць пшаніцай...
Махнуць журавам:
– Да сустрэчы!
Ён хоча, ды ўсё дарэмна.
Распяўся кажан у падстрэшшы.
Пугач вірлавокі дрэмле.
А ў яго ж быў размах,
А ў яго ж, бывала.
Ранняя зіма сама
Пытлю пазычала.
А глядзела ж на вятрак
Столькі воч з пашанай.
Ходзяць жорны – проста страх!
Быццам два паўшар'і.
Зерне трушчыў дацямна.
Хмару браў пад паху, –
Азалелая, яна
Навальніцай пахла.
Сонца і ветру батрак,
Сумуе самотны вятрак.
1960
Крыніца: Барадулін Р. Адам і Ева. Лірыка. – Мн.: «Беларусь», 1968. – 256 с.
Похожие статьи:
Биографии → Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін → Рыгор Барадулін - Світанняў я з табой не сустракаў...
Рыгор Барадулін → Рыгор Барадулін - Уцякала зіма ад вясны...
Рыгор Барадулін → Творчасць Рыгора Барадуліна
Эдуард Валасевіч → Эдуард Валасевіч - Вятрак і Гусак