Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыгор Барадулін - Азбука – вясёлы вулей

Вулей ёсць такі вясёлы,
Пчолы
З гэтага вулля
Прывядуць цябе да школы.
Зразумееш, немаўля,
Толькі вулей загудзе,
Што, чаго, адкуль і дзе,
Як знайсці каго і дзе,
Хто ляціць, а хто ідзе.
 
Літары
Ад А да Я
Пчолак дружная сям’я
Носіць
Мёд у соты ведаў,
Просіць,
Каб усё ты ведаў.
Паступова,
Пакрысе
Іх запомніць
Трэба ўсе!
 
Гукі мовы роднай, наскай
Перапоўняць сэрца ласкай,
Дык шануй святыя словы
Беларускай звонкай мовы!
 
Радуе нябёсы й долы
Вулей азбукі вясёлы.
– Агу! – А голас падае,
А – асаблівая павага,
А пачынаецца з яе
Айчына,
Азбука,
Адвага,
Аловак, аксаміт,
Адрына,
Арэлі, абажур,
Ажына,
Анёл, абабак,
Аратай.
 
Ты азбуку
Далей гартай!
 
Бульба,
Бусел,
Белавежа,
Бацька Нёман з берагамі,–
Беларусі ўсёй бязмежжа
Белабог аберагае.
 
Адвядзе чужынцаў стрэлы
Сцяг наш
Бел-Чырвона-Белы!
 
Валун параіў валуну:
– Падстаў спіну,
А я зірну.
Так і вякуюць валуны,
Зрасліся спінамі яны.
В вызначае ўсё вакол:
Вялікдзень, волат,
Вожык, вол.
 
Вітаў вясёлку васілёк.
Вялізны воз ваўка валок.
 
Глянь,
Сагнула даланю
Г, каб змераць глыбіню.
Дзе яно,
Глухое дно?
З галавой Г не відно.
 
Хай тваё звыкае вуха –
Г гучыць заўсёды глуха:
Гаць, гарбуз, гарлач, галіна,
Гол, гара, гагара, гліна.
 
Не забудзься ж і наконт
Словаў тых,
Дзе Г званчэе:
Ганак, гузік, розгі, гонт.
Гэта клопат грамацея.
 
Д зрабілася, што кадка.
Трэба, трэба фіззарадка!
Падагнуўшы смешна ногі,
Прысядае да падлогі.
 
Дрэсіруюць доўга дога.
Дабяжыць дамоў дарога.
 
Дзяцел дзюбай дуб дзяўбе,
Будзе ДЖ і ДЗ табе.
 
Вецер джгае па дажджы,
Просіць бляху: не бразджы!
 
Да жніва серп загадзя куй!
Добрай нашай мове дзякуй!
 
Прачытай і раскумекай:
З дзядзькам дзекай,
З цёткай цекай!
 
Ехалі вясёла сані,
Елі далеч рысакі.
Е чарнела за лясамі,
Быццам елка ў тры сукі.
 
Літары ўсе трэба знаць,
Каб Евангелле чытаць!
 
А над елкай
Дзве сарокі
Пільнавалі шлях далёкі
Ці яшчэ гняздо чыё.
Непаседныя чысцюлі
Елку ледзьве-ледзь кранулі –
З Е адразу стала Ё.
 
Ёрш сагрэць спрабуе лёд.
Апякае палец ёд.
 
Жытні сноп перавязалі
Перавяслам, як малое.
Жнеі дружна жыта зжалі –
Колецца іржышча злое.
 
Жыцень, Жыжаль, жарало,
Жменя, жораў, жур, жытло
Не абыдуцца без Ж.
Слухай жа, як конь іржэ!
 
Злой зімою зайку зябка,
Мерзне вуха, мерзне лапка.
Вымаўляе З завея
Так, што неба ружавее.
Зубр у пушчы зарыкае –
І завея замаўкае.
Гаспадар руплівы зможа
У засек засыпаць збожжа.
Зося ў Зюзі запытала,
Дзе зязюля зімавала?
І – зоркі зыркія Купалля
Над свечкай светлай не апалі.
 
Зірні – з высакавольтных ліній
Спадае палахлівы іней.
 
Будзь беларусам, беларус,
І помні,
Што казаў Ісус.
Хай беларуская ікона
Твой асвячае шлях штодзённа!
 
Й просяць: –
Слова пачынай.
Аднекваецца:
– Ай, няхай.
 
Ніхто мяне не абміне,
Хоць стану ў самы край,
Бо як жа будуць без мяне
Гай, каравай, грай, рай?
 
Крадком ступае пакрысе.
Што за спіною К нясе?
Куды ідзе, нясе каго?
Сам папытайся ты ў яго!
Напішаш К – і тут як тут
Кот, крот, канапа,
Качка, кут.
 
У кузні працаваў заядла –
Каваль кувалдай біў
Кавадла.
 
Лапа льва
Ці ножка лавы
Злева так стаіць
Ці справа?
Лапа ў кошкі,
Лапа ў рысі.
 
Лепш за лапы не бярыся!
З Л сышліся вельмі блізка
Лотаць, ложак, лыжка, ліска.
 
Цень ад лямпы лёг у лёх.
Лашчыла ляшчына лог.
 
Моўчкі я і ты прыйшлі,
Ўзяўшыся за рукі,
Гэта – Мы,
І ажылі
Родных песняў гукі.
З М малітва, мама, мара.
Быць без М не можа хмара.
 
Міла мела мяты пачак.
Мяў мядзведзь, як мякіш, мячык.
 
Нерат, ношка, Новы год,
Новы снег і новы лёд
З Н бяруць пачатак свой.
Нельга жыць –
Адно засвой.
І ляноце і мане
Ты скажы рашуча – не!
 
Не ў сваё не сунь свой нос.
Нехта ўночы ночвы нёс.
 
Окае ўкраінскі брат.
Ты заокаеш наўрад.
Пракрычаў арол з-пад неба:
– Беларусу акаць трэба!
Дах не баіцца малатка.
Дай кацянятку малака.
 
Пабач,
Як праз вякі ў сягоння
Прымчала гордая Пагоня –
Герб незалежнай Беларусі.
У цішыні складзі далоні
І цвёрда прысягні Пагоні.
Скажы!
– Чужынцам не скаруся!
 
Паперам у пяра палёгка.
Пабегла пад павець палёўка.
Пчаляр у пчол найпершы лекар.
Пячэ пахучы пернік пекар.
 
Руку пад паху Р бярэ.
Уранні росна на дварэ.
Смех ухапіўшы за руку,
Пабег Раман дагнаць раку.
З Р пачынаецца расклад.
Рахманы рак раскладу рад.
 
Як рухнуў бык раптоўна ў роў,
Ад роспачы рагаты роў.
Стынуць капытоў сляды,
І невыпадкова
Грэе неба ў халады
Месяца падкова,
Дык задумайся ўсур’ёз,
Хто падкову ў неба ўзнёс?
 
Хай смялейшы самы скажа,
Хто хітрэйшы,
Снег ці сажа?
 
Тэлеантэны не ад страху
Уздрыгваюць на кожным даху,
Яны павінны
Штохвіліны
З усёй зямлі лавіць навіны.
Запамінаецца імгненна:
Т – тонкая тэлеантэна.
 
Таропка паўтары ля тыну:
Ткачыха порстка тчэ тканіну.
У торбе не схаваеш шыла.
Тачыла нож тупы тачыла.
 
У бок, угору ад ствала
Галінка ціха ў рост пайшла.
У-у – вые воўк зімою
З ашчэранаю пашчай злою.
Узлессе ўзгорак вёў уброд.
Уцекача
Уцяў удод.
 
Над У маладзічок ляцеў
Ды затрымацца захацеў,
Вісець так і застаўся стала.
У з доўгага кароткім стала.
 
Стаў зледзянеў,
Рачулка стала.
 
Ф забылася на ўрокі,
Фыркае, надзьмуўшы шчокі.
Як сур’ёзнай быць такой –
Смех за кожнаю шчакой.
Словаў з Ф ледзь цягне фура:
Фрэска, фарба, фэст, фігура.
 
Бачыла ў зімовы ранак
Футра фару з-за фіранак.
 
Х – нажніцы ад знямогі
Выпрасталі рукі, ногі –
Хай іголка-даўгашыя
Хвартухі даўгія шые.
Хутка ў горне жар патух,
Хведар прапаліў хвартух.
Дратвай бліскавіцы хром
Хітра прашывае гром.
 
Праганяй благія словы,
Як ідзеш у Храм Хрыстовы!
 
Цяпер далей ісці пара нам.
Ц – цяжкая цыстэрна з кранам.
Крыху павернеш кран яшчэ –
Цурок з цыстэрны пацячэ.
Цыстэрна – цэбру не радня.
З цяцерай спіць цецераня.
 
Цялятка спудзіла трашчотка.
Цыбулю ў цёрле церла цётка.
 
Ч горбіць казырок таму,
Што ўсе з яго чаго, чаму?
Чаму гудзе сярдзіта чмель?
Чаму чапляе човен мель?
Чаго,
Калі спадзе вада,
Чакае чапляў чарада?
Чаму чабор і чуб на Ч?
Чамучак-мучак шмат яшчэ.
 
Шэпча штосьці шасцярня,
Быццам Ш – яе радня.
І зусім не для забавы
Шасцярня скрыпіць зубамі.
Далічыўшы да шасці,
Можна ўжо шукаць ісці!
 
Шум чуваць з усіх бакоў –
Ля шыпшыны шмат шпакоў.
 
Знік Шчупак у глыбіні.
Шчаўя ў шчопаць адшчыкні.
 
Ы поплеч з І ідуць па зямлі
Амаль аднымі шляхамі.
Калі калЫ дрэвамі бЫлі,
Не білі іх абухамі.
 
Ілона з Вірай чакалі вЫрай,
Дамініка з Дзінай дзяліліся дЫняй.
 
Ь – загнуў свой палец мяккі знак,
Не могуць без яго ніяк
Прамень, сухмень, струмень, Арсень.
Дзень, цень, пень, рагавень, галень,
Агонь, скронь, абалонь, далонь.
Кон з мяккім знакам
Будзе конь.
 
У словах снег, цвет, звер, асвер
На мяккасць гукаў слых правер.
 
Як разложысты бераг і востраў
Нецярплівы праліў раздзяляе,
Гукі так раздзяляе апостраф
Кропля ўгору з хвастом дажджавая.
 
Прачытай словы гэтыя жвава:
Зуб’е, зрэб’е, адгор’е, аб’ява.
 
Эх! – Э праходу не дае,
Язык паказвае сярдзіта,
Таму ў канцы шукай яе,
А не ў пачатку алфавіта.
Яны да нас прыйшлі здалёк –
Экзамен і электраток.
 
Цяпер і ў лузе коніка
Цікавіць электроніка.
 
Юны стане чэмпіёнам.
Бач, як гоніць мяч cа звонам,
Вучыць кемлівасць сваю.
Даланя з мячом,
Як Ю.
Ю высвіствае знарок:
Ютрань, ювелір, юрок.
Юшка
– Пазнаю,
Як у юн уз’юшыў Ю.
 
– Я ў канцы быць не магу! –
Выстаўляе Я нагу.
 
Той, хто якае зашмат,
Ставіць сам сябе назад.
Яўна Я ўсё паўтарыла:
Яблык, ярына, Ярыла.
 
Паспытаў травінку язь,
Ядлаўцовых ягад Ясь.
 
Ведай,
Да навук ахвочы,
Азбука –
Вучэння вочы.
Азбука –
Ад А да Я –
Спадарожніца твая,
У краіну ведаў шлях
Пачынае па складах.
Са складоў
Складзецца слова.
Слова –
Добрых спраў аснова.

Похожие статьи:

Рыгор БарадулінДзіцячая паэзія Рыгора Барадуліна

Рыгор БарадулінРыгор Барадулін - Світанняў я з табой не сустракаў...

Рыгор БарадулінТворчасць Рыгора Барадуліна

БиографииРыгор Барадулін

Рыгор БарадулінРыгор Барадулін - Уцякала зіма ад вясны...