Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пімен Панчанка - Чалавечнасць

З-за турбот і сходаў языкатых
Беззваротна страцілі мы ўсе
Тысячы палаючых закатаў
І світанні трацім пакрысе.

Толькі часам, выракшыся тлуму,
Ношу год адчуўшы на гарбе,
Не пашкодзіць сёння нам падумаць
Аб жыцці, аб людзях, аб сабе...

Колькі пастак мне ты прыхавала,
Добрае, не дробнае жыццё!
То сляпіла даль парахавая,
То глушыла «юнкерсаў» выццё.

Вернасць адарала шчодрай мерай.
Часам здрада секла з-за пляча.
То свяціла ясным сонцам вера,
То нявер’е кідала ў адчай.

Часта крывадушныя мяшчане
З-за драбніц ушчэнт мяне знішчалі,
Часам і надзейныя сябры
Ласкава штурхалі пад абрыў...

Крутанецца у тупік дарога –
І няма, няма ўжо чым дыхнуць...
«Як ён там? Мо трэба дапамога? –
Нехта скажа. – Трэба заглянуць».

І часцей не той, хто ў дружбе кляўся
І цябе хваліў, п’ючы віно...
Ты ажыў, даверліва узняўся,
Нібы воін, скончыўшы з вайной.

Стаў дабрэй, і даўняя наіўнасць
Варухнула крыллем над табой.
Лечыцца трава ад спёкі ліўнем,
Людзі ласкай лечацца людской.

Абапрыся на зямлю сырую,
Сэрцам ціха ўсіх перабяры:
Хто жыруе сёння, хто гаруе,
Хто цвіце, хто вяне без пары.

Мо бяда каму здушыла горла,
Можа, хтось не можа ўжо дыхнуць?
Не забудзь туды раней за гора
Хоць на дзве хвіліны заглянуць.

1963

 

Похожие статьи:

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Сармацкае кадзіла

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Вясёлай маланкаю ластаўка бліскае…

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Зварот

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Сармацкае кадзіла - ГДЗ

Пімен ПанчанкаДухоўны свет лірычнага героя ў паэзіі Пімена Панчанкі