Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Пімен Панчанка - Развітанне
Вялікая дзяржава —
Вялікая ідэя.
I ўсё ж, таварыш мой,
Мазгамі шавяльні:
Каля агню братэрства
Растуць і ліхадзеі
I расцвітае
Вялікадзяржаўны шавінізм.
Малыя народы —
Як грошы разменныя ў касах.
На бронзавых конях
Усюды сядзяць палкаводцы:
То пакарэнне Каўказа,
То высяленне Каўказа,
То Беластоцкая вобласць,
То ваяводства.
Якія б войны
У нас ні перакатваліся,
I як бы акупанты
Ні дратавалі зямлю,
Рана ці позна
Народы распраўляліся з катамі,
I зноў аралі-сеялі;
I гаварылі: «Люблю».
Пахлі нашы пожні
Мятаю і рутаю,
А цяпер
Пасля аграхімічных праполак
Пахне глеба гербіцыдамі,
А вада атрутаю.
У рацэ — ні плотак, ні язёў,
Ні ў жыце перапёлак.
А нашы псеўдаасветнікі,
Сабраныя на канцылярскіх сметніках,
Магутныя бюракраты
Уласным сцверджанням рады:
«Гаворыш па-руску —
Iнтэрнацыяналіст;
Гаворыш па-беларуску —
Нацыяналіст.
Вучы дзяцей французскай,
Ангельскай, эсперанта,
Але не беларускай...» —
Палохаюць піраты.
І адвучылі
Дзяцей і бацькоў,
I адлучылі
Ад родных народных слоў.
Вучоны невук
Ці дурнаваты крытык,
Якія паэзію
Не разумеюць і не адчуваюць,
То ў жанры даносу,
То пагардліва адкрыта
Мяне з году ў год
Ушчуваюць:
«Каму патрэбна
Тваіх маніфестаў рыторыка?
Трэба пра шчасце пісаць
I далі прасторныя».
А я журуся:
Мала ў Беларусі
Разумных гісторыкаў,
Якія любяць і ведаюць
Родную гісторыю.
Закрэслілі б невукі
Мары усе залатыя:
«Знікае ўсё:
І вучэнні, і мовы, і веры.
Сёння Рым размаўляе
Не на латыні,
А Афіны гавораць
Не на мове Гамера».
Мы спазніліся
На сотні, напэўна, гадоў,
А можа,
На цэлае тысячагоддзе,
Мы забылі пра вольнасць
Старажытных сваіх гарадоў.
Наш цягнік адышоў.
Знікла родная мова
Ў народзе.
У кожнага ёсць
Свае рэкі —
Ці Дняпро, ці Нёман,
Ціхі Дон, ці раз’юшаны Енісей.
У сваіх парадзелых лясах
Я не чую
Ўсхвалёваны гоман,
А рака памутнелага часу
Нас нясе, і нясе, і нясе...
Пастаю я самотна
Каля полацкай белай Сафіі.
Паблукаю ў Гародні,
Пажуруся ў турава-пінскім Палессі,
А вочы мае ўжо не плачуць — Сухія-сухія:
Не чутно мне з былога
Ні грому.
Ні звону.
Адны толькі казкі
Ды песні...
Родны Янка Купала,
Вы пісалі:
«Я веру — настане...»
Дарагі мой Іван Дамінікавіч,
Не, не настане!
Гэта ўжо не світанне,
Гэта наша настала змярканне,
Гэта з мовай маёй,
Гэта з песняй маёй
Развітанне.
Похожие статьи:
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Зварот
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Вясёлай маланкаю ластаўка бліскае…
Пімен Панчанка → Духоўны свет лірычнага героя ў паэзіі Пімена Панчанкі