На Палессі восень...
Гусі белыя
Выскублі мядовую траву.
І вятры, ад сцюжы ашалелыя,
То журботна свішчуць,
То равуць.
Смех і кветкі,
Вы куды падзеліся?
Навакол
Стагі, стагі, стагі.
Чым жа ты цяпер са мной падзелішся,
Прыпяць, пачарнелая з тугі?
Ліст пажоўклы да плашча прыколеш?
Ці на момант вернеш мне ізноў
Каснічок зары,
Світальны колер
Тапалёў, буслоў і туманоў?
А сама замкнешся у лядоўні,
Лета у стагі паклаўшы спаць...
Будуць коні сніць лугі мядовыя
І, як людзі, цяжка уздыхаць.
1965
Аналіз верша
1. Настрой верша сумна-тужлівы, паэт са шкадаваннем назірае за прыходам позняй восені.
2. Пімен Панчанка звяртаецца да Прыпяці як да блізкага сябра, такі мастацкі прыём называецца ўвасабленнем.
3. Метафары: Прыпяць падзеліцца; прыколе ліст пажоўклы; верне каснічок зары, світальны колер; замкнецца ў лядоўні, лета ў стагі паклаўшы спаць; вятры свішчуць і равуць.
Эпітэты: мядовая трава; вятры ашалелыя; пачарнелая Прыпяць; пажоўклы ліст; світальны колер; мядовыя лугі.
4. Іван Карасёў паказаў цёплую залатую восень, сонечны дзень, празрыстае неба. Яго восень нагадвае бабіна лета. Да пейзажа I. Карасёва «Залатая восень» можна падабраць радкі з верша А. Коршака «Кляновы ліст»: «Паслана золата кляновае ўдалі...».
На карціне Міколы Купавы «Глыбелька» восень толькі пачынаецца, яшчэ не ўсё лісце апала, ёсць і зялёнае. Да гэтага твора можна падабраць словы Пімена Панчанкі: «На Палессі восень...».
Похожие статьи:
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Сармацкае кадзіла
Пімен Панчанка → Духоўны свет лірычнага героя ў паэзіі Пімена Панчанкі
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Зварот
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Вясёлай маланкаю ластаўка бліскае…
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Сармацкае кадзіла - ГДЗ