Сляды гарачыні
Яшчэ на тварах носім,
Ды наплылі ўжо дні
У залатую восень.
Самотны крык гусей
Даносіцца з-пад воблак.
Ў асмужанай красе
Твой бачу, восень, воблік.
Зямлі не адагрэць
Агнём ліствы апошняй,
I ветру песні пець
Над парыжэлай пожняй.
У хмарах далячынь,
Прасцяг дажджамі повен.
Не плавае ўначы
Маладзіковы човен.
Ды сціхне спеў вятроў,
Надвор’е праясніцца, —
Зямлі вільготнай зноў
Вясновы час прысніцца.
Блакіт нябёс тады
Празрысты, нібы ў маі.
Асеннія сады,
Як вогнішча, палаюць.
1938
Похожие статьи:
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Сармацкае кадзіла - ГДЗ
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Сармацкае кадзіла
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Вясёлай маланкаю ластаўка бліскае…
Пімен Панчанка → Духоўны свет лірычнага героя ў паэзіі Пімена Панчанкі
Пімен Панчанка → Пімен Панчанка - Зварот