Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пімен Панчанка - Бульба

Так ісці на захад, гэтак перці
За эпоху можна толькі раз.
Есці захацелася да смерці,
Ну, а повар з кухняю заграз.

Падцягнулі рамяні з тугою,
Леглі адпачыць пад сіняй хвояй,
На сухой абочыне шашы.
Рай – для ног, цыгарка – для душы…

Спрэчка пачалася нечакана:
Што смачней з усіх вядомых страў?
"Хаш і лобі! – першым крыкнуў Вано,-
Я б сем місак зараз увабраў".

"Плоў, – сказаў Ахмет. – Калісьці дома...
І пацмокаў смачна языком.
А Гурген ускочыў: "Вы знаёмы
З ерэванскім сочным шашлыком?"

Я тут узгарэўся не на жарты:
"Вашых страў я ганіць не хачу:
І яны што-кольвек, пэўна, варты,
Як хвалілі знаўцы іх – я чуў.

Сорам пра найлепшае не ведаць, –
Рынуўся я ў наступ на байцоў, –
Калі смачна хочаце паснедаць,
Закажыце бульбы з селядцом.

Печаная бульба – гэта казка,
Паскрабеш нажом – і калі ласка.
Жоўтая скарынка, як пірог,
Будзеш уплятаць яе за трох.

Трапіш да кабеціны рахманай –
Паспытаеш, друг мой дарагі,
Дранікі са свежаю смятанай,
Бабку, клёцкі, нават пірагі.

З нашай бульбы тысячу, не меней,
Смажаць і гатуюць розных страў…"
Я ўсхапіўся з месца і з натхненнем
Песню ім пра бульбу праспяваў.

Бачу: праняла мая прамова,
Зараз крыкнуць: "Дзе яна? Гарні!"
…Добра, што пад’ехаў ротны повар
На рудым запараным кані.

 

Похожие статьи:

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Вясёлай маланкаю ластаўка бліскае…

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Сармацкае кадзіла

Пімен ПанчанкаДухоўны свет лірычнага героя ў паэзіі Пімена Панчанкі

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Зварот

Пімен ПанчанкаПімен Панчанка - Сармацкае кадзіла - ГДЗ