Стаю над возерам вясной,
Усё спавіта цішынёй.
Гляджу – а ў ім паміж ракіт
Нябёс гайдаецца блакіт,
Не то пад колер васілька,
Не то пад вочы юнака.
Прыйшоў я ўвосень паглядзець –
Ужо лістоў гамоніць медзь,
І зашарэлася ўжо скрозь,
Здаецца, ўзрушыў хвалі хтось –
Разбегліся ва ўсе бакі,
Нібы на твары маршчакі.
Я быў і ўзімку ў месцы тым –
Пад пакрывалам ледзяным
Не чуць ані гамонкі хваль,
Завеі засланілі даль.
І возера часінай той
Заснула ў пене снегавой.
Але не век яму да сна,
Я знаю – ўзнімецца вясна,
І паміж хваль у цвеце дрэў
Пачне кружыць птушыны спеў,
І ў ціхім люстры між ракіт
Зноў загайдаецца блакіт.
Похожие статьи:
Пераказы → Навальніца на возеры
Пераказы → Лясное возера (Паводле Я. Коласа)
Пераказы → Самае глыбокае возера
Пераказы → Свіцязь
Пераказы → На беразе Нарачы