Ходзіць восень ў свіце шэрай,
З непагодных хмар сатканай,
Распусціла ветры-косы
Над палямі, над барамі...
Ходзіць злосная, плюецца,
Лісце жменямі шпурляе...
Толькі сонца не здаецца,
Прабіваецца праз хмары,
Улагоджвае старую.
Дзень, другі нервуе восень,
А пасля паспакайнее,
Стане добрай і ласкавай.
Заспявае, засмяецца,
Світку ўздзене залатую
З лісцяў вогненных кляновых;
У рабіне яркай шчокі,
І глядзяць крыніцы-вочы
Так задумліва на неба.
Добра ў гэткі час на вёсцы –
Скрозь стагі саломы, сена
Восень звонкую вартуюць.
Дзе-нідзе агні на полі.
Там у прысаку гарачым
Бульба смачная пячэцца.
Ходзіць восень чыстым борам
У сукенцы верасовай,
З кожным дрэўцам пагамоніць,
Ажно свеціцца, здаецца,
Мох сівы на даўніх соснах...
. . . . . . . . . . . . . .
Я сваю вітаю восень!
Похожие статьи:
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Залатая, асенняя раніца...
Ніна Мацяш → Ніна Мацяш - Восень
В → Восеньскія песні
Алесь Салавей → Алесь Салавей - Восень
Алесь Гарун → Алесь Гарун - Восень