Як толькі выходны дзянёк настае,
Ён вуды і снасці збірае свае,
І досвіткам раннім на бераг ідзе,
І ціха спускаецца к цёмнай вадзе.
Стаіўшыся ў дзікім, густым лазняку,
Ён вуды свае закідае ў раку.
А там, адліваючы срэбнай луской,
Бліскучыя рыбы ідуць чарадой.
Напяўшы тугія свае плаўнікі,
Хвастамі ад прагнасці б’юць шчупакі,
Шырокія плоткі з чырвоным пяром
Снуюць над празрыстым, прасвечаным дном.
У змроку, у іле ляжаць карасі,
У зеллі багністым жыруюць язі,
У ціне лянівыя ходзяць ліні,
А ў тонях пярэстыя спяць акуні.
Мільёны вялікіх і дробненькіх рыб
Наверх усплываюць, ныраюць углыб,
Гуляюць на хвалях, жыруюць на дне,
А вось за кручок ні адна не кране.
І раптам, схіліўшыся трошкі набок,
Схіснуўся і знік пад вадой паплавок,
Вудзільна сагнулася ў спрытнай руцэ,
І хвалі кругамі пайшлі па рацэ.
І вось праз секунду, а можа, праз дзве
Трапечацца лешч на вільготнай траве.
На шчасце закінуўшы вуду ізноў,
Рыбак аглядае свой першы улоў.
Похожие статьи:
Адам Гурыновіч → Адам Гурыновіч - Рыбак
Пераказы, дыктанты → На беразе з вудачкай
Пераказы, дыктанты → Навальніцы
Пераказы, дыктанты → Рыбацкае шчасце
Пераказы, дыктанты → Возера (Паводле Ф. Казлоўскага)